ҽ

Фотаздымак святога Піа з калекцыі Эліа Стэлюта Фотаздымак святога Піа з калекцыі Эліа Стэлюта 

Ватыкан: алічбавана калекцыя нязнаных здымкаў з айцом Піа

У італьянскім Сан-Джавані-Ратонда арганізавана спецыяльная выстава да 25-годдзя беатыфікацыі святога айца Піа. На экспазіцыі прадстаўлена серыя здымкаў, якія дагэтуль не публікаваліся.

Ян Глінскі

У Ватыканскай фільматэцы былі алічбаваны тры тысячы фатаздымкаў святога капуцына, якія прадставіў установе іх аўтар Эліа Стэлюта. Па яго словах, айцец Піа не любіў фатаграфавацца. Аднак ён цёпла ставіўся да хлопца, які прыходзіў у капуцынскі манастыр, і таму дазволіў яму ўвекавечыць сваю выяву пры ўмове, што той не будзе выкарыстоўваць успышку, якая яго нервавала. “Тым не менш, у гэтых фатаграфіях ёсць незвычайнае святло”, – сказаў аўтар архіва здымкаў са святым.

“Мне вельмі хацелася перадаць гэтыя здымкі ўсяму каталіцкаму свету і духоўным дзецям айца Піа. Я правёў побач з ім шмат гадоў, ён быў чулым чалавекам, твар якога часта асвятляла ўсмешка, – падзяліўся фатограф. – Памятаю, як быў яго міністрантам, і пасля святой Імшы мы падыходзілі, каб пацалаваць яго рукі, пазначаныя стыгматамі. Гэта незабыўныя моманты”.

Айцец Піа, па яго словах, часта паўтараў сваім міністрантам, каб тыя памяталі пра малітву, хадзілі на Імшу па нядзелях і сістэматычна маліліся Ружанец. “Надзейнай зброяй айца Піа быў менавіта Ружанец. Людзям, якія прасілі яго аб цудах, гэты святы манах заўсёды рэкамендаваў перш за ўсё малітву. Я ніколі не забуду яго ўсмешку і пяшчоту, з якою ён ставіўся да нас”.

Да фотавыставы Фондам святога Піа было падрыхтавана таксама выданне, у якое ўвайшлі 365 лістоў айца Піа. З мэтай распаўсюджвання спадчыны святога капуцына сярод новых пакаленняў карэспандэнцыя была перакладзена на пяць моваў.
 

10 мая 2024, 08:03