ҽ

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

У гродзенскай катэдры біскупа Аляксандра Кашкевіча павіншавалі з імянінамі. 2 мая 2024 года тут прайшоў дзень засяроджання для духавенства і законных сясцёр дыяцэзіі. Завяршылася сустрэча Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі. Літургія адбылася напярэдадні імянінаў біскупа Аляксандра, і на ёй маліліся ў яго інтэнцыі. Таксама малітву ўзносілі ў інтэнцыі новых пакліканняў, сем’яў дыяцэзіі, за дзяцей, якія прыступаюць да Першай Камуніі, і моладзь, якая рыхтуецца да канфірмацыі.

Удзельнікі сустрэчы касцёльных рухаў у Будславе прысвяцілі сябе Cэрцу Езуса. 1 мая 2024 года па ініцыятыве і з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага на сустрэчу ў Нацыянальным санктуарыі сабраліся прадстаўнікі 23 рэлігійных рухаў і супольнасцяў. Сустрэча была прысвечана тэме пастырскага года і ролі касцёльных рухаў у евангелізацыі Беларусі. "Усе мы пакліканы несці веру іншаму чалавеку, быць сведкамі Евангелля", – падкрэсліў іерарх у гаміліі.

Рэкалекцыі для юнакоў і канцэрт гурта Ave прайшлі ў гродзенскай семінарыі. З 26 па 28 красавіка 2024 года паразважаць пра пакліканне і бліжэй пазнаёміцца з семінарыстамі і стылем іх жыцця прыехалі юнакі з розных месцаў Беларусі. У той жа час у семінарыі прайшлі адарацыя і канцэрт музычнага гурта. У капліцы навучальнай установы сабраліся не толькі семінарысты, але і моладзь з Гродна і ваколіц. Студэнты падрыхтавалі разважанні на тэму паклікання, якія суправаджаліся песнямі. Таксама былі хвіліны цішыні для асабістай размовы з Богам.

Супольнай малітвай у Нарачы байкеры адкрылі мотасезон. 27 красавіка 2024 года матацыклісты, сярод якіх былі таксама святары, сабраліся на святую Імшу ў касцёле святога апостала Андрэя. Затым адбылося благаслаўленне транспартных сродкаў. Пасля малітвы байкеры выехалі па прыгожых мясцінах і святых месцах наваколля, наведалі касцёл святога Юрыя ў Варнянах і капліцу святой Філамены ў Вароне, дзе адбылася экскурсія.

На адпусце ў лясной капліцы ў Пераломе сабраліся дзясяткі пілігрымаў. 28 красавіка 2024 года ў драўлянай капліцы Імя Панны Марыі і святога Юрыя ў Гродзенскім раёне прайшла ўрачыстая адпустовая святая Імша. Эўхарыстыя тут адбываецца ўсяго 2-3 разы на год. Асабліва ўшаноўваюць гэта месца манахі капуцыны – менавіта сюды ў 1938 годзе прыбылі першыя ў Беларусі браты гэтага ордэна. Сёлета фэст у Пераломе разам з капуцынамі святкавалі мясцовыя вернікі і пілігрымы – свецкія францішкане і францішканская моладзь з Маладзечна, Мінска, Гродна, Ліды, суседніх населеных пунктаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 мая 2024, 07:19