ҽ

Рэканструкцыя Сабора Парыжскай Божай Маці праз пяць гадоў пасля пажару 2019 года Рэканструкцыя Сабора Парыжскай Божай Маці праз пяць гадоў пасля пажару 2019 года   (AFP or licensors)

У Саборы Парыжскай Божай Маці з’явяцца новыя вітражы

Працягваецца рэканструкцыя Сабора Парыжскай Божай Маці пасля разбуральнага пажару 2019 года. Экспертная камісія адбярэ новыя вітражы для шасці капліц паўднёвага нефа.

Марыя Валодзіна - Pope

15 красавіка 2019 года полымя ахапіла шэдэўр гатычнай архітэктуры, сімвал рэлігійнай, мастацкай і культурнай спадчыны Францыі – Сабор Парыжскай Божай Маці. У выніку пажару абрынуўся знакаміты шпіль сабора (la flèche), які знішчыў большую частку драўлянага даху і сур'ёзна пашкодзіў верхнюю частку муроў.

Пажарным удалося выратаваць вежы, абрушэнне якіх прывяло б да разбурэння фасада з яго вітражнай ружай і вялікім арганам унутры. Перажылі пажар і пчолы, якія жылі ў вуллях на даху. Пажарныя, паліцыя і муніцыпальныя службы выратавалі таксама многія мастацкія творы, старажытныя кнігі і рэліквіі, якія захоўваліся ў святыні.

Праз два дні пасля катастрофы прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў за пяць гадоў аднавіць сабор. Да верасня 2021 года спонсары выдзелілі на рэканструкцыю больш за 840 мільёнаў еўра.

Адкрыццё 8 снежня 2024 года

Праца ідзе па графіку. Урачыстае адкрыццё сабора запланавана на 8 снежня 2024 года, з нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пад старшынствам арцыбіскупа-мітрапаліта Парыжскага Ларана Ульрыха адбудзецца Імша асвячэння новага алтара. Гэтай падзеі будзе папярэднічаць і шэраг іншых ініцыятыў. Завершацца святкаванні ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы ў чэрвені 2025 года.

Новыя вітражы сучасных мастакоў

Між тым, урад Францыі прызначыў спецыяльную экспертную камісію пад старшынствам былога дырэктара Цэнтра Пампіду Бернара Блістэна для адбору праектаў вітражоў для шасці капліц.

Ідэя стварэння новых сучасных вітражоў належыць арцыбіскупу Ульрыху. Гэта дазволіць не толькі аднавіць сабор, але і дадаць нешта новае, пакінуць след у ходзе рэстаўрацыі. Прапанову ўхваліў Эмануэль Макрон.

Да канца мая 2024 года камісія павінна будзе вылучыць праекты, якія адпавядаюць канкрэтным крытэрыям: новыя вітражы ў капліцах паўднёвага нефа павінны будуць выпраменьваць "нейтральнае святло, такой жа прыроды, колеру і інтэнсіўнасці, як тое, што забяспечваюць вокны ў цяперашні час".

У адрозненне ад цяперашніх вітражоў яны павінны быць упрыгожаны фігуратыўнымі дэкаратыўнымі элементамі. Тыя ж, што былі створаны ў канцы XIX стагоддзя пад кіраўніцтвам французскага архітэктара Эжэна Віяле-ле-Дзюка, прадстаўляюць сабой кветкавыя і геаметрычныя арнаменты. Толькі адзін з сямі вітражоў з гістарычнай выявай радаводу Хрыста ў капліцы святога Тамаша Аквінскага застанецца такім, як ёсць.

Вітражы павінны будуць адпавядаць тэме Пяцідзясятніцы і даваць "цвярозае ўяўленне" пра гэтую біблійную падзею. Пры выбары каляровай гамы мастакам рэкамендуецца ўзяць пад увагу вітраж з выявай дрэва Ясэева (генеалогічнага дрэва Езуса ад Ясэя, бацькі цара Давіда, да Марыі), які будзе размешчаны пасярод сучасных вітражоў, а таксама на светлы колер муроў сабора Парыжскай Божай Маці.

Першы адбор праектаў адбудзецца ў чэрвені 2024 года, канчатковы – у лістападзе. Усталююць вітражы не раней за 2026 год, але іх прататыпы будуць прадстаўлены да адкрыцця сабора 8 снежня 2024 года.

16 красавіка 2024, 11:25