ҽ

Катэдра Унебаўзяцця Божай Маці ў Джакарце Катэдра Унебаўзяцця Божай Маці ў Джакарце 

У Інданезіі чакаюць візіту Францішка

Інданезійскія католікі з энтузіязмам чакаюць прыбыцця Папы Францішка, але рады яго візіту і прадстаўнікі ісламу.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

На гэта звярнуў увагу арцыбіскуп Джакарты, падкрэсліваючы, што папская пілігрымка нясе свету пасланне братэрства. 45-я замежная паездка пантыфікату адбудзецца ў пачатку верасня.

Кардынал Ігнацыюс Сухар'ё Харджаатмаджа нагадаў, што Інданезія – самая вялікая мусульманская краіна ў свеце. Католікаў там больш за 8 мільёнаў, яны складаюць 3,1 працэнта насельніцтва. “Адносіны паміж абедзвюма супольнасцямі вельмі добрыя”, - прызнаўся ён, падкрэсліваючы, што іслам у краіне з тысячамі астравоў адкрыты і талерантны.

Аб гэтым таксама сведчыць доўгая гісторыя добрых адносін паміж Інданезіяй і Святым Пасадам, які быў у шэрагу першых міжнародных суб’ектаў, што прызналі дэкларацыю незалежнасці Інданезіі. Ужо ў 1947 годзе ў Джакарце існавала першая апостальская дэлегатура, якая цяпер з'яўляецца нунцыятурай.

“У Інданезіі існуе свабода веравызнання, але сітуацыя залежыць ад таго, дзе вы жывяце. Дзяржава вельмі сур'ёзна ставіцца да гэтага пытання. У паўсядзённым жыцці мы жывём як звычайныя грамадзяне. Мы можам працаваць у розных установах, у тым ліку дзяржаўных. У нядзелю людзі свабодна ходзяць у касцёл. Некаторым даводзіцца ехаць на вялікія адлегласці, каб дабрацца да храма”, - распавёў кардынал Харджаатмаджа. Ён дадаў, што, аднак, толькі некалькі католікаў сталі лідарамі плюралістычнага грамадства, працуючы на высокіх пасадах у дзяржаўных установах.

Іерарх прызнаўся, што каталіцкая супольнасць Інданезіі рыхтуецца да сустрэчы з Францішкам праз малітву. Ён таксама падкрэсліў важнасць сведчання мясцовых хрысціян, якія ўдзельнічаюць у шматлікіх справах міласэрнасці, медыцынскіх і адукацыйных праектах, накіраваных на найбяднейшыя пласты грамадства.

Францішак наведае Інданезію 3-6 верасня 2024 года. Затым ён адправіцца ў Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур.
 

26 красавіка 2024, 12:01