ҽ

2024.04.08 Yobel Shofar verso il Giubileo

Галоўны Рабін Рыма пра два юрыдычныя аспекты біблійнага юбілею

Праз восем месяцаў распачнецца Юбілейны 2025 год. Галоўны рабін Рыма нагадаў аб першасным – біблійным значэнні юбілею.

Ян Глінскі

Святкаванне юбілейнага года несла свядомасць, якія першыя дары кожны атрымаў ад Бога: свабоду і зямлю. Як адзначыў Рыкарда Дзі Сэньі, юбілей “служыў таксама перыядычнаму выпраўленню несправядлівасці”.

Па словах галоўнага рабіна Рыма, біблійны юбілей, які адзначаўся кожныя 50 гадоў, меў два юрыдычныя аспекты: “Першы з іх – вызваленне зняволеных, а другі – прызнанне несапраўднасці актаў аб зямельнай уласнасці”.

“Валоданне зямлёй адносіцца да біблійнай сістэмы. Калі ізраільцяне прыбылі да зямлі абяцанай, уся тэрыторыя была падзелена паміж плямёнамі і пакаленнямі такім чынам, каб кожная сям’я мела кавалак зямлі. Зямля была тады галоўнай крыніцай утрымання. Магло здарыцца, што хтосьці страціў усё, а хтосьці іншы назапасіў багацце. Юбілей – гэта свайго роду перазагрузка: кожны вяртаўся да першапачатковага стану маёмасці. Таму юбілей служыў урэгуляванню маёмасных спраў, каб усе мелі пароўну. Калі сярод людзей з’яўляецца несправядлівасць, то трэба яе выпраўляць. Сістэматычна і перыядычна. Гэта вельмі важны сацыяльны пасыл”, – падкрэсліў Рыкарда Дзі Сэньі ў размове з Pope.

Галоўны рабін Рыма нагадаў, што слова юбілей паходзіць ад яўрэйскага jobel, што азначае сігнал, які гучыць з барановага рога. Такім чынам абвяшчаўся пачатак юбілею. На старонках Бібліі гэты гук з’яўляўся таксама падчас іншых важных падзей, як напрыклад, падчас абвяшчэння Дэкалогу.
 

19 красавіка 2024, 10:54