Кох: дзе няма веры ў вечнае жыццё, няма і чалавечай годнасці
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Dignitas infinita – па-лацінску Бясконцая годнасць – прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству спаслаўся на назву дэкларацыі, апублікаванай на мінулым тыдні Дыкастэрыяй веравучэння. У гэтым дакуменце годнасць асобы тэалагічна выводзіцца са стварэння чалавека Богам, уцелаўлення Езуса Хрыста і Яго ўваскрасення. “Самым узнёслым аспектам годнасці чалавека, створанага для вечнасці, з’яўляецца яго пакліканне да еднасці з Богам”, - гаворыцца ў тэксце.
Па словах кардынала Коха, такое разуменне годнасці залежыць перш за ўсё ад веры ва ўваскрасенне. “Я думаю, што ўсюды, дзе ў сучасным грамадстве знікае вера ў вечнае жыццё, знікае і чалавечая годнасць”, - сказаў швейцарскі іерарх. Таму Касцёл сёння не мае “больш важнага задання, чым абвяшчэнне Пасхі”. “Вялікдзень – урачыстасць уваскрасення Хрыста – з’яўляецца сур’ёзным выразам веры ў Бога, вернасць якога перавышае смерць, а таксама сур’ёзным выразам чалавечай годнасці”, - адзначыў ён.
Кардынал нагадаў, што святарам асаблівым чынам даручана перадаваць надзею на вечнае жыццё. У кожнай святой Імшы смерць і ўваскрасенне Езуса цэлебруюцца і перажываюцца праз Эўхарыстыю, якую Касцёл абвяшчае як “лек несмяротнасці”.
Святарства і яго “прыгажосць, задачы і крызіс” – стала тэмай міжнароднай канферэнцыі ва Універсітэце прыкладных навук у Хайлігенкройцы, якая прайшла ў мінулыя выхадныя. На ёй, акрамя кардынала Коха, дакладчыкам выступіў арцыбіскуп Георг Генсвайн, які казаў пра “Святарства з Папам Бэнэдыктам XVI”.