Германія: біскупы за сінадальны шлях у згодзе з Касцёлам
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Гаворка ідзе пра нямецкую ініцыятыву Сінадальны шлях, удзельнікі якой імкнуцца стварыць сталы орган, што складаецца з духавенства і свецкіх, якія павінны кіраваць Касцёлам у Германіі. Стварэнне Сінадальнай рады як несумяшчальнае з сакрамэнтальнай канстытуцыяй Касцёла было рашуча адхілена Святым Пасадам.
Чатыры біскупы, Грэгар Марыя Ханке з Айхштэта, Стэфан Остэр з Пасаў, Рудольф Водэрхольцэр з Рэгенсбурга і кардынал Райнер Марыя Вёлькі з Кёльна абвясцілі ў сумеснай заяве 24 красавіка 2024 года, што жадаюць працягваць шлях да больш сінадальнага Касцёла ў згодзе з Паўсюдным Касцёлам. Яны хочуць дачакацца заканчэння пленарнай асамблеі Сінода Біскупаў, другая сесія якога пройдзе ў кастрычніку 2024 года ў Рыме.
У заявах Святога Пасада адносна Сінадальнага шляху ў Германіі неаднаразова адзначалася, што Сінадальная рада, прадугледжаная і сфармуляваная ў пастанове нямецкай ініцыятывы, не адпавядае сакрамэнтальнай структуры Касцёла.
Згаданыя іерархі не падзяляюць юрыдычнага меркавання, што Канферэнцыя Біскупаў Германіі (DBK) з'яўляецца органам, адказным за Сінадальны камітэт, нягледзячы на тое, што чатыры яе члены не падтрымліваюць яго стварэнне.
На сваім пасяджэнні ў пачатку гэтага тыдня Пастаянная рада нямецкага епіскапату прыняла статут Сінадальнага камітэта – біскупы Айхштэта, Кёльна, Пасаў і Рэгенсбурга не прымалі ўдзелу ў галасаванні. Сінадальны камітэт павінен падрыхтаваць стварэнне забароненай Святым Пасадам Сінадальнай рады, якая будзе фінансавацца сумесна 23 нямецкімі дыяцэзіямі.