Дырэктар Renovabis: праз дапамогу Украіне будуем бяспеку Еўропы
Ян Глінскі
Фонд салідарнасці нямецкіх католікаў з вернікамі ва Усходняй Еўропе ад самага пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне прыкладае немалыя намаганні для дапамогі пацярпелым. Па словах святара, “гаворка ідзе ўжо не аб стварэнні прытулкаў ці мабільных кухняў, але аб фінансаванні рэабілітацыйных мерапрыемстваў”.
Дырэктар Renovabis нагадаў, што вайскоўцы маюць непасрэдны кантакт з дабрачыннымі арганізацыямі, у той час як ахвяры сярод мірнага насельніцтва часта застаюцца адны. “Мы цешымся, што маем вялікую царкоўную сетку сярод грэка-каталіцкіх, рыма-каталіцкіх, а таксама праваслаўных парафій. Усе яны інфармуюць нас аб тым, дзе існуе патрэба. Мы стараемся дапамагчы ім, чым можам”, – адзначыў ксёндз Шварц.
У інтэрв'ю нямецкай рэдакцыі Pope кіраўнік фонду згадаў праекты, якія ўдалося рэалізаваць за два гады вайны. Сярод іх падтрымка медыцынскіх установаў, дзе лячыліся як вайскоўцы, так і пацярпелыя грамадзяне; адбудова разбураных школаў; фінансаванне стыпенцый студэнтам Львоўскага каталіцкага ўніверсітэта. Аднак на дадзеным этапе сілы і сродкі фонду скіраваны на рэабілітацыю пацярпелых у вайне.
Па словах ксяндза Шварца, у апошнія месяцы канфлікты на Блізкім Усходзе адцягнулі ўвагу ад вайны ва Украіне, а гэта азначае, што “мы павінны пастаянна змагацца”, каб гэтая “вайна не ператварылася ў забытую і замарожаную”. “Таму трэба ўвесь час імкнуцца прыцягваць да гэтага ўсё больш увагі. Нам пакуль удаецца гэта менавіта таму, што Украіна блізкая для нас краіна, – дадаў дырэктар Renovabis. – І натуральна, што нямецкае насельніцтва, як і многія іншыя, з-за шматлікіх жудасных сітуацый, якія існуюць у гэтым свеце, схільныя супрацьпастаўляць адно іншаму альбо больш засяроджвацца на бягучай сітуацыі, чым на тым, што сапраўды важна”.
У той жа час святар перакананы, што “мір любой цаной будзе мець фатальныя наступствы”, бо можа заахвоціць іншых кіраўнікоў гуляць у свае палітычныя гульні, што “скасуе міжнародны прававы парадак”. “Таму я лічу, што мір без справядлівасці, без справядлівасці для ахвяраў, для тых, на каго напалі, быў бы прыкметай слабасці для ўсяго свету”, – падкрэсліў дырэктар Renovabis.
Святар заклікаў не забываць пра людзей ва Украіне, не прывыкаць да вайны, і быць свядомымі, што “кожная дапамога для падтрымкі людзей ва Украіне – гэта таксама цаглінка ў будаванні бяспекі і дэмакратыі ва ўсёй Еўропе”.