Адышоў у вечнасць Патрыярх Балгарскай Праваслаўнай Царквы
Аляксандр Панчанка - Pope
Патрыярх Неафіт узначальваў балгарскае праваслаўе з 2013 года. Ён быў трэцім прадстаяцелем Балгарскай Праваслаўнай Царквы пасля афіцыйнага абвяшчэння яе аўтакефаліі ў 1953 годзе.
Неафіт (свецкае імя Сімяон Дзімітраў) нарадзіўся 15 кастрычніка 1945 года ў Сафіі. Ва ўзросце 14 гадоў паступіў у Чэрэпышскую духоўную семінарыю. У 1971 годзе скончыў Сафійскую духоўную акадэмію, пасля чаго вучыўся ў Маскоўскай духоўнай акадэміі ў Расіі. Па вяртанні на радзіму выкладаў усходне-царкоўны спеў у Сафійскай духоўнай акадэміі. У 1975 годзе стаў манахам і прыняў імя Неафіт.
З 1976 года – іераманах, а з 1977 года – архімандрыт. З 1981 па 1985 год – канцлер Сафійскай мітраполіі, у 1985 годзе прыняў епіскапскае пасвячэнне. Быў рэктарам Сафійскай духоўнай семінарыі, а таксама першым дэканам тэалагічнага факультэта Сафійскага ўніверсітэта. З 1992 па 1994 год – галоўны сакратар Свяшчэннага Сінода Балгарскай Праваслаўнай Царквы.
У 1994 годзе іерарх быў прызначаны Мітрапалітам Дарастольскім і Чэрвенскім з катэдрай у Русе. Пасля падзелу гэтай епархіі на Дарастольскую і Русенскую ў 2001 годзе стаў Мітрапалітам Русенскім. З 2009 па 2010 год часова кіраваў Дарастольскай епархіяй. 24 лютага 2013 года быў абраны Патрыярхам Балгарскім.
Францішак сустракаўся з Патрыярхам Неафітам падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Балгарыю ў 2019 годзе.