ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

У Індыі прайшоў “сінод недатыкальных”

"Сінадальны Касцёл не можа пакідаць ззаду, без увагі нікога, асабліва маргіналізаваныя групы, да якіх варта прыслухоўвацца, бо яны таксама павінны ўдзельнічаць у жыцці Касцёла”, - заявіў індыйскі кардынал Энтані Пула.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Pope

Арцыбіскуп Хайдарабада прыняў удзел у сустрэчы, арганізаванай Камісіяй па пытаннях кастаў і ўразлівых груп пры епіскапаце Індыі.

Каставая сістэма адменена індыйскай Канстытуцыяй, аднак падзел на касты па-ранейшаму прысутнічае ў культуры, менталітэце і практыцы індыйскага грамадства. Удзел хрысціян-далітаў, недатыкальных, у жыцці Касцёла нязначны. Кардынал Пула перакананы ў неабходнасці змены сітуацыі.

Аб вострай патрэбе сінадальнасці ў Касцёле ў Індыі заявіў таксама старшыня Камісіі па пытаннях кастаў і ўразлівых груп, біскуп Сарат Чандра Наяк. Сінадальнасць "азначае ўдзел, дыялог, зносіны, узаемную павагу і прызнанне годнасці ўсіх людзей”, таму прыйшоў час абмеркаваць палітыку "пашырэння правоў і магчымасцей далітаў у кантэксце Сінода”, - адзначыў ён.

На канферэнцыі, суарганізатарам якой выступіў Індыйскі грамадскі інстытут у Бангалоры, быў распрацаваны мемарандум, дзе пацвярджаецца тэрміновасць выкарыстання магчымасцей Сінадальнага шляху для поўнага ўключэння далітаў.
 

27 лютага 2024, 10:55