Пантыфік асудзіў кровапраліцце ў Буркіна-Фасо і заклікаў да міру
Марыя Валодзіна - Pope
У нядзелю, 25 лютага 2024 года, тэрарысты напалі на каталіцкую супольнасць у мясцовасці Эсаканэ, на поўначы Буркіна-Фасо. У той жа дзень тэракт у мячэці ў Націабаані, на ўсходзе краіны, унёс яшчэ дзясяткі жыццяў.
У тэлеграме на імя біскупа Ларана Дабіра, старшыні Канферэнцыі Біскупаў Буркіна-Фасо і Нігера, Францішак пацвердзіў сваю цвёрдую перакананасць у тым, што "нянавісць не з'яўляецца рашэннем канфліктаў".
Папа выказаў глыбокае спачуванне ў сувязі з гібеллю людзей і блізкасць да сем'яў ахвяр. Святы Айцец моліцца пра спачын памерлых, "даручаючы іх Божай ласцы, а таксама пра вылячэнне параненых", - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна.
Францішак заклікаў паважаць месцы культу і змагацца з гвалтам “у мэтах прасоўвання каштоўнасцяў міру". Завяршаецца тэлеграма заклікам Божага благаслаўлення для сыноў і дачок Буркіна-Фасо і ўсёй нацыі ў цэлым.