ҽ

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

У Віцебску адзначылі юбілей біскупскай сакры Алега Буткевіча. Цяперашні біскуп Віцебскі і старшыня беларускага епіскапату прыняў біскупскае пасвячэнне з рук тагачаснага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці дзесяць гадоў таму. З гэтай нагоды 18 студзеня 2024 года ў віцебскай катэдры цэлебравалі ўрачыстую святую Імшу з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, духавенства і свецкіх вернікаў рэгіёна.

Мерапрыемствы ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян стартавалі ў Беларусі. У прыватнасці ў Гродне на экуменічнае набажэнства на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам запрасілі прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Набажэнства запланавана 20 студзеня 2024 года ў катэдры святога Францішка Ксаверыя. У гэты ж дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліць экуменічнае набажэнства ў мінскай катэдры. На супольную малітву запрошаны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і прадстаўнікі традыцыйных хрысціянскіх канфесій.

У Будславе адбылася малітоўная сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Сустрэча, якая прайшла ў Нацыянальным санктуарыі 13 студзеня 2024 года стала ўжо шостай у гэтым малітоўным цыкле – яе правядзенне было даручана духавенству і вернікам Маладзечанскага дэканату.

У Баранавічах прайшла аплаткавая сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. 13 студзеня 2024 года ў парафіі святога Зыгмунта дыяцэзіяльная сустрэча сабрала больш за 70 маладых удзельнікаў з розных парафій. Праграма святкавання Божага Нараджэння дала магчымасць моладзі прыступіць да сакрамэнту паяднання, сумесна падрыхтавацца да чыннага удзелу ў святой Імшы, услухацца ў разважанні над Божым словам і выказаць узаемныя віншаванні.

Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі правёў шэраг акцый, прымеркаваных да Божага Нараджэння. Валанцёры парафіяльных Caritas зладзілі дабрачынныя акцыі, каб падзяліцца з патрабуючымі. У прыватнасці, у парафіі Божага Цела ў Нясвіжы валанцёры арганізавалі акцыю па сбору ў касцёле ласункаў, падарункаў і сродкаў асабістай гігіены – іх перадалі самотным, хворым, дзецям-сіротам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Каталіцкія рухі пашыраюцца ў Беларусі. 14 студзеня 2024 года ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах адбылося благаслаўленне Ружы Жывога Ружанца ў гонар Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага. Адметнасць новай малітоўнай групы ў тым, што яна складаецца толькі з мужчын. У той жа дзень у Шуміліне была заснавана супольнасць жаночага руху Маці ў малітве.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

20 студзеня 2024, 09:02