Арцыбіскуп Шыклуна пра святароў і іх права на шлюб
Аляксандр Амяльчэня - Pope
“Каталіцкі Касцёл павінен разгледзець пытанне аб змене сваіх правілаў, каб каталіцкія святары маглі ўступаць у шлюб”, - сказаў іерарх у Times of Malta.
Цэлібат вызначае прыхільнасць рыма-каталіцкіх святароў і манахаў да радыкальнай адданасці служэнню Богу і людзям. Ён быў прадметам дыскусій на працягу дзесяцігоддзяў, асабліва ў Еўропе.
"Чаму мы павінны губляць маладога чалавека, які мог бы стаць добрым святаром, толькі таму, што ён хоча ажаніцца?"- запытаўся арцыбіскуп Шыклуна. Цэлібат быў добраахвотным у першым тысячагоддзі існавання Касцёла – “і павінен зноў стаць добраахвотным”.
Старшыня епіскапату Мальты таксама звярнуў увагу на тое, што некаторыя святары з прычыны цэлібату ўступаюць у таемныя адносіны, якія ў некаторых выпадках прыводзяць да нараджэння дзяцей. "Гэта рэальнасць", - падкрэсліў ён.
У мінулым годзе Францішак не выключыў адмены абавязковага цэлібату для каталіцкіх святароў. На пытанне аргенцінскага партала, ці магчыма гэта, ён адказаў: “Так, так”. Папа спаслаўся на аб’яднаныя з Рымам Усходнія Цэрквы, дзе духавенства можа ўступаць у шлюб. Ён лічыць, што добраахвотнае рашэнне аб цэлібаце да пасвячэння магчыма. “Тое, што святар можа ажаніцца, не з’яўляецца супярэчнасцю”, - сказаў тады Святы Айцец. Ён разглядае цэлібат у Заходнім Касцёле як “часовае правіла”, якое – у адрозненне ад сакрамэнту пасвячэння – не ёсць вечным.
64-гадовы арцыбіскуп Шыклуна з’яўляецца дапаможным сакратаром ватыканскай Дыкастэрыі веравучэння. Ён лічыцца галоўным экспертам у справах аб злоўжываннях духавенства.