Гаіці: вызваленыя шэсць выкрадзеных манахінь
Марыя Валодзіна - Pope
Шэсць законніц і яшчэ два чалавекі, якія разам з імі ехалі на аўтобусе, былі захоплены баевікамі і вывезеныя ў невядомым кірунку. Згодна з паведамленнямі мясцовых СМІ, за іх вызваленне быў запатрабаваны выкуп.
Як паведаміў ватыканскім СМІ старшыня біскупскай канферэнцыі краіны і арцыбіскуп Порт-о-Прэнса Макс Леройс Месідар, усе яны былі вызвалены і знаходзяцца на свабодзе. Іерарх выказаў вялікую радасць у сувязі з гэтай навіной і падзякаваў усім за падтрымку ў гэтай сітуацыі: “Мы дзякуем Богу! Дзякуй за вашу падтрымку".
Падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі, якая прайшла ў мінулую нядзелю, 21 студзеня 2024 года, на ватыканскай плошчы святога Пятра, Францішак заклікаў да вызвалення выкрадзеных манахінь. “Я з сумам успрыняў навіну аб выкраданні ў Гаіці групы людзей, у тым ліку шасці законніц: шчыра просячы аб іх вызваленні, я малюся аб грамадскай згодзе ў гэтай краіне і заклікаю ўсіх пакласці канец гвалту, які прыносіць гэтаму дарагому народу шмат пакут”, - сказаў Пантыфік.
Закліку Святога Айца папярэднічаў зварот з боку намесніка старшыні біскупскай канферэнцыі Гаіці, біскупа дыяцэзіі Анс-а-Ву і Мірагоана П’ера-Андрэ Дзюма, які прапанаваў сябе ў абмен на захопленых законніц. "Выкраданне жанчын, якія прысвяцілі сваё жыццё выратаванню бедных і моладзі, - гэта жэст, які ўбачыць Божы суд", - сказаў іерарх.
Каментуючы вызваленне заложнікаў, біскуп Дзюма адзначыў: "Гэтая траўматычная падзея стала яшчэ адным выпрабаваннем нашай веры, якая застаецца непахіснай". Бог "умацаваў нас у выпрабаваннях і вярнуў палонных на волю. Ён навярнуў жорсткія сэрцы і ў будучыні пазбавіць Гаіці ад усялякага зла, каб усе дзеці краіны спазналі радасць бясцэннай свабоды. Касцёл будзе працягваць дзейнічаць дзеля таго, каб на Гаіці прыйшла эра справядлівасці і міру".
24 студзеня 2024 года ў Каталіцкім Касцёле Гаіці прайшоў Дзень малітвы ў інтэнцыі вызвалення захопленых людзей.