ҽ

І І&Բ;

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

У Беларусі сустрэлі Бэтлеемскі агонь міру. 15 снежня 2023 года падарожжа гэтага сімвала Божага Нараджэння пачалося з гродзенскай катэдры, затым яго даставілі ў мінскі катэдральны касцёл і пачалі распаўсюд святочнага святла па ўсёй краіне – яго даставяць у больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій. За распаўсюджванне Бэтлеемскага агню ў Беларусі адказны рух каталіцкіх скаўтаў, які сёлета выконвае сваю місію ў 15-ы раз.

Аплаткавая сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла з удзелам Апостальскага нунцыя. 14 снежня 2023 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў межах перадкаляднай сустрэчы ў катэдральным касцёле ў Мінску. Прадстаўнік Папы Францішка ў гаміліі звярнуў увагу на важнасць засяроджання і асвячэння, каб годна падрыхтвацца да сустрэчы з Хрыстом. Ён адзначыў, што "сёння мы жывем у свеце, поўным палітычнай і эканамічнай нявызначанасці, несправядлівасці і войнаў, але Нараджэнне Езуса заўсёды прыносіць евангельскую радасць і натхненне".

У Віцебскай дыяцэзіі адбылася калядная пастырская сустрэча з духавенствам. 14 снежня 2023 года святары і законныя сёстры маліліся ў наваполацкім касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса разам з біскупам Алегам Буткевічам. Духавенства і сёстры ўдзельнічалі ў адарацыі, канферэнцыі, Эўхарыстыі і склалі пажаданні з надыходзячым святам Божага Нараджэння.

Прадстаўнікі дыпламатычных місій у Беларусі сабраліся на імпрэзу ва ўспамін святой Люцыі. 13 снежня 2023 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску адбылася музычна-культурная вечарына, арганізаваная пасольствам Швецыі ў Беларусі. Дыпламаты і іншыя запрошаныя госці паслухалі канцэрт, Люсійную працэсію з традыцыйнымі спевамі на шведскай, беларускай і англійскай мовах зладзіў мінскі Госпел Хор.

Іерархі падзяліліся аплаткай з супрацоўнікамі Caritas. 12 снежня 2023 года ў Дзіцячым дабрачынным цэнтры святога Лукі ў вёсцы Ляскоўка адбылася перадкалядная сустрэча таварыства Caritas Беларусь. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі ў інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў, ахвярадаўцаў і партнёраў Caritas Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Імшу цэлебравалі генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, старшыня епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас благаслаўлення аплатак біскуп Касабуцкі выказаў падзяку супрацоўнікам Caritas за працу.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

16 снежня 2023, 08:53