Кардынал Кох: спадзяюся, што сінадальнасць – не проста эпізод
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Кардынал Курт Кох адзначыў у kath.ch, што, нягледзячы на шырокую традыцыю ў Паўсюдным Касцёле, сінодам не хапае паўнамоцтваў сабораў у сферы прыняцця рашэнняў.
Адказваючы на пытанне аб значным удзеле свецкіх вернікаў, іерарх нагадаў, што на папярэдніх асамблеях ужо прысутнічалі дэлегаты ад хрысціянскіх Цэркваў і прадстаўнікі свецкіх. "Новым у гэтым Сінодзе было тое, што большая колькасць людзей была запрошана Папам і мела права голасу", - адзначыў ён.
Гаворачы пра так званыя гарачыя пытанні, такія як месца жанчын у Касцёле і адносіны да сексуальных меншасцяў, а таксама іх уключэнне ў выніковы дакумент, швейцарскі кардынал заўважыў, што пасля першай сінадальнай асамблеі выйшла прамежкавая справаздача – не было выніковага дакумента. У ёй утрымліваецца тое, што абмяркоўвалася цягам чатырох тыдняў.
“У тэксце так шмат адкрытых тэм, што можна задацца пытаннем, як іх вырашыць у бліжэйшыя адзінаццаць месяцаў”, - звярнуў увагу Кох. Ён таксама нагадаў, што мэтай дакладу з'яўляецца не прыняцце рашэння, а падрабязны выклад мінулых дыскусій і нявырашаных пытанняў. "Аднак я лічу, што ў наступным годзе нам трэба больш часу надаць абмеркаванню гэтага дакумента", - сказаў ён.
Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству перакананы, што Сінод не можа прымаць рашэнні аб рэформах. “Спадзяюся, што дух сінадальнасці, які мы адчулі, гэта супольная барацьба за пошук агульных шляхоў, не застанецца эпізодам, але зможа працягнуцца, і што мы яшчэ глыбей спытаем сябе, што такое сінадальнасць, што такое сумеснае хаджэнне па шляху. (...) У гэтым сэнсе мы павінны больш звязваць сінадальнасць з Хрыстом, Які з’яўляецца цэнтрам жыцця Касцёла. Разважанне аб гэтым здаецца мне значным выклікам для сінадальнасці”, - адзначыў кардынал Кох.