ҽ

Кардынал Крыстаф Шонбарн Кардынал Крыстаф Шонбарн   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал: найбольш значнай тэмай Сінода стаў пераход ад Я да Мы

Кардынал Крыстаф Шонбарн станоўча выказаўся адносна ўдзелу жанчын і свецкіх католікаў у сесіі XVI Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў у Ватыкане, а таксама падкрэсліў, што Еўропа “больш не з’яўляецца цэнтрам” Каталіцкага Касцёла.

Ян Глінскі

Акрамя 360 біскупаў у Сінодзе прынялі ўдзел 54 жанчыны і іншыя не-біскупы. “Кожны ўносіць свой уклад. За кожным сталом сядзелі жанчыны”, - падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю для кёльнскай радыёстанцыі domradio.de.

“Не трэба баяцца ўдзелу жанчын, а таксама не трэба перабольшваць, што гэта нешта абсалютна новае, бо Касцёл з даўніх часоў мае такую практыку на іншых узроўнях: парафіі, рады і дыяцэзіі. Факт, што цяпер гэта адбываецца ў паўсюдным Касцёле, з’яўляецца надзвычай пазітыўным”, - патлумачыў арцыбіскуп Венскі.

Кардынал Шонбарн – біскуп са звыш 30-гадовым “стажам”, удзельнічаў ужо ў васьмі пасяджэннях Сінода Біскупаў. З гэтай перспектывы, на яго думку, апошняе было “найлепшым Сінодам”, бо падчас яго выкарыстоўваўся “больш адкрыты метад”. Яно адбывалася не ў ватыканскай Сінадальнай зале, а ў зале для аўдыенцый за больш чым трыццаццю круглымі сталамі. “Да гэтай пары людзі глядзелі ў вочы не адно аднаму, а Папу”, - патлумачыў кардынал.

Іерарх адзначыў, што тэмп працы цяперашняга Сінода больш павольны, бо трывае некалькі гадоў і праходзіць у некалькі этапаў: дыяцэзіі, краіны, кантыненты і ўрэшце на сусветным узроўні. Аднак, на думку кардынала Шонбарна, менавіта дзякуючы няспешнасці праца атрымалася больш глыбокай.

Адначасова арцыбіскуп Вены звярнуў увагу на асаблівую рысу кастрычніцкай сесіі – слуханне. На яго думку, практыка слухання адно аднаго павінна мець уплыў і на працу Касцёла на іншых узроўнях, перш за ўсё Касцёлаў лакальных. Вырашальным фактарам з’яўляецца спосаб узаемнага стаўлення. “Калі сінадальны метад будзе паглыбляцца і практыкавацца, штосьці зменіцца і ў нашых супольнасцях. Тады мы будзем супольнасцю, а не сольным канцэртам”, - сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што “праз адкрытае слова і ўзаемнае слуханне” супольнасць набірае глыбіні.

Паводле ацэнкі кардынала Шонбарна, галоўны досвед сесіі XVI Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў заключаецца ва ўсведамленні таго, што Еўропа “больш не з’яўляецца цэнтрам” Каталіцкага Касцёла. На пасяджэнні еўрапейцы па-ранейшаму складалі значную групу, але яны ўжо не былі большасцю.

“Вялікай тэмай Сінода ў Рыме стала пытанне, як перайсці ад Я да Мы? Як умацаваць пачуццё супольнасці ў Касцёле, у грамадстве? Ад гэтага залежыць будучыня!” - падкрэсліў аўтарытэтны іерарх.
 

10 лістапада 2023, 09:39