Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
У Мінску распачалася дзейнасць душпастырства медыкаў. 18 кастрычніка 2023 года, у свята святога Лукі, евангеліста, апекуна медыкаў, у катэдральным касцёле адбылася супольная малітва працаўнікоў службы аховы здароўя. З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён благаславіў новае душпастырства, першая сустрэча якога прайшла пасля Эўхарыстыі. Удзельнікі пазнаёміліся з новапрызначаным душпастырам медыкаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Андрэем Лысым і абмеркавалі планы.
Рэліквіі святога Яна Паўла ІІ змешчаны ў гродзенскай парафіі, якая носіць яго тытул. Унясенне рэліквій у капліцу гэтай маладой парафіі 22 кастрычніка 2023 года здзейсніў віцэ-канцлер курыі ксёндз Антоні Грэмза. У гэты дзень парафія, якая абрала сваім апекуном Вялікага Папу, адзначала адпустовую ўрачыстасць у яго гонар. У гаміліі на святой Імшы ксендз Антоні Грэмза падкрэсліў, што ў асобе Яна Паўла ІІ, яго навучанні і святасці Касцёл і вернікі атрымалі вялікі дар, якім павінны жыць, а таксама натхняцца ў прыняцці новых выклікаў.
Першы юбілей супольнасці Маці ў малітве адзначылі ў Віцебску. 22 кастрычніка 2023 года святкавалі 5-годдзе гэтай суполкі ў мясцовай парафіі святога Антонія. У гаміліі падчас святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Антон Лагунёнак засяродзіў увагу на мэтах супольнасці і прыкладзе, які дае бацькам у працэсе выхавання сваіх дзяцей. Віншаванні з нагоды юбілею скіраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі увёў трох новых канонікаў у Мінскі катэдральны капітул. 23 кастрычніка 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю ў архікатэдры і афіцыйна ўвёў у склад Капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай раней прызначаных канонікамі святароў: афіцыяла Касцёльнага суда ксяндза Кірыла Бардонава, асабістага сакратара арцыбіскупа Станеўскага ксяндза Юрыя Ясевіча і пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве ксяндза Алега Мурзіча.
У гродзенскай семінарыі праходзіць сустрэча для юнакоў. 27-29 кастрычніка 2023 года маладыя людзі, якія шукаюць Бога і сэнсу свайго жыцця, сабраліся ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. Удзельнікі сустрэчы разам моляцца аб распазнанні жыццёвага шляху, знаёмяцца з навучальнай установай.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.