Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
Маленькія беларусы далучыліся да акцыі Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы. 18 кастрычніка 2023 года арганізаваныя групы ў Мінску, Магілёве, Браславе, Гомелі і Гродне злучыла анлайн-трансляцыя. Пасля прывітальнага слова сакратара Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі ксяндза Кшыштафа Сарокі эстафету распачалі маленькія вернікі, сабраныя ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску разам з арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Юрыем Касабуцкім. У Браславе дзеці маліліся разам з біскупам Алегам Буткевічам, а ў Гродне – з біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
У Тракелях прайшла фармацыйная сустрэча для маладых святароў. 17 кастрычніка 2023 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў сабралі духавенства са стажам да пяці гадоў святарства. Галоўнай тэмай сустрэчы была Эўхарыстыя. Ксёндз канонік Ян Кучынскі, пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі, нагадаў маладым святарам, што важная і годная цэлебрацыя Эўхарыстыі патрабуе ад душпастыра адпаведнасці існуючым прадпісанням і нормам Касцёла.
Католікам Стоўбцаў перадалі ўчастак зямлі, дзе стаяў гістарычны касцёл. У кастрычніку 2023 года – праз два гады пасля адшукання парэшткаў Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага – мясцовая каталіцкая парафія атрымала ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе былі знойдзены рэліквіі і дзе стаяў старадаўні касцёл. На атрыманым участку пасля правядзення раскопак плануецца адбудаваць капліцу святога Дамініка, аднавіць склепы, дзе месцяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканаў. А ўжо цяпер адбудавана частка былой касцёльнай агароджы і брама-званіца. Таксама вядзецца работа па ўзнаўленні кананізацыйнага працэсу Фабіяна Малішоўскага.
Сёстры з розных супольнасцяў зладзілі краязнаўчую вандроўку. 19 кастрычніка 2023 года прадстаўніцы некалькіх манаскіх кангрэгацый, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, здзейснілі пілігрымку ў Глыбокае. Cвятую Імшу для іх тут цэлебраваў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён прывітаў вандроўніц на супольнай Эўхарыстыі і заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі сясцёр, новых пакліканняў і супакоі ва ўсім свеце.
У Instagram браты-францішкане арганізавалі малітоўныя эфіры. У кастрычніку, які ў Касцёле прысвечаны малітве Ружанца, гродзенскія манахі ладзяць на сваім пабліку ў сацсетцы прамыя эфіры. Да онлайн-малітвы Ружанца на працягу месяца могуць далучацца ўсе жадаючыя. Трансляцыя вядзецца з францішканскага кляштара ў Гродне, малітва чытаецца на беларускай мове.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.