ҽ

Кардынал П'ербатыста Піцабала, Лацінскі патрыярх Іерусаліма Кардынал П'ербатыста Піцабала, Лацінскі патрыярх Іерусаліма   (REUTERS)

Кардынал Піцабала: гатовы абмяняць сябе на дзяцей-закладнікаў

Лацінскі патрыярх Іерусаліма выказаў гатоўнасць абмяняць сябе на ізраільскіх дзяцей, якіх ХАМАС утрымлівае ў закладніках.

Марыя Валодзіна - Pope

Падчас анлайн-размовы з журналістамі кардынал П'ербатыста Піцабала выказаў шчырую прыхільнасць вызваленню дзяцей – закладнікаў ХАМАС. Ён сказаў, што гатовы зрабіць "усё, што заўгодна", каб "гэтыя дзеці вярнуліся дадому". "Ці гатовы я да абмену? Усё, што заўгодна, калі гэта можа прывесці да свабоды і вярнуць гэтых дзяцей дамоў. Без праблем. З майго боку – абсалютная гатоўнасць", - заявіў іерарх.

Кардынал Піцабала звярнуў увагу на прапановы аб пасярэдніцтве з боку Святога Пасада, падкрэсліўшы жаданне выратаваць палонных. Ён адзначыў: "Мы выказалі нашу гатоўнасць паспрабаваць вярнуць закладнікаў, прынамсі, некаторых з іх, гэта робіцца. Гэта вельмі складана, таму што для пасярэдніцтва неабходныя суразмоўцы. А ў гэты момант немагчыма размаўляць з ХАМАС".

Што тычыцца магчымасці наземнага ўварвання Ізраіля ў сектар Газа, кардынал Піцабала выказаў двайную заклапочанасць: "Па-першае, пасля наземнай аперацыі, я не ведаю, як яна называецца, паўстане значна больш сур'ёзны гуманітарны крызіс. Гэта першая заклапочанасць, паколькі, несумненна, будзе шмат ахвяр". Другая занепакоенасць заключаецца ў тым, што "гэты канфлікт можа перарасці ў рэгіянальны, уцягнуць не толькі Газу або, магчыма, Заходні бераг, але і Ліван, тады можа выбухнуць увесь ісламскі свет, усе арабскія краіны. Вельмі цяжка прадказаць развіццё падзей, але страх перад рэгіянальнай экспансіяй рэальны, і я не адзіны, хто пра гэта кажа", - падзяліўся Лацінскі патрыярх Іерусаліма.

16 кастрычніка 2023, 14:08