ҽ

Кардынал Вальтэр Каспер Кардынал Вальтэр Каспер 

Кардынал Каспер: міласэрнасць – выклік для хрысціяніна і Касцёла

“Маю надзею, што ў сінадальным працэсе, нягледзячы на ўвесь песімізм, вочы і вушы будуць адкрытыя на новыя, важныя выклікі сучаснасці”, - сказаў 90-гадовы былы прэфект Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Ян Глінскі

Іерарх выступіў падчас урачыстага распачацця навучальнага года ў Вышэйшай школе філасофіі і тэалогіі Хайлігенкройц у Аўстрыі. Ён прачытаў інаўгурацыйную лекцыю на тэму Міласэрнасць – імя нашага Бога. Разважанні аб крызісе прысутнасці Бога. Для нямецкага кардынала-эмерыта Рымскай курыі Вальтэра Каспера “новая культура міласэрнасці – гэта будучая праграма хрысціянскага гуманізму”.

“У свеце, які стаў сумным і пазбаўленым сяброў, заданне моладзі – зрабіць, каб неба было хаця б крыху адкрытае на пасланне Божай міласэрнасці і прынесла свету новую радасць і давер”, - заклікаў студэнтаў былы біскуп Штутгарта.

“Адносна таго, каб быць міласэрным, як Бог міласэрны, Бог ведае, што гэта высокае патрабаванне, якое супярэчыць кожнаму прыстасаванаму, буржуазнаму хрысціянству”, - сказаў кардынал і раскрытыкаваў тых, хто лічыць, што хрысціянства, заснаванае выключна на ідэі міласэрнасці – гэта ў канчатковым выніку “Хрысціянства і Касцёл у працэсе распрадажы”.

“Міласэрнасць – гэта выклік не толькі для кожнага хрысціяніна, але і для Касцёла. Ён не можа праспаць “знакі часу”; ён павінен трымаць вочы адкрытымі на патрэбы людзей”, - перакананы кардынал-эмерыт.

У кантэксце сацыяльных праблем кардынал Каспер нагадаў, што апошнія Пантыфікі казалі аб новай культуры любові – “любові, якая праяўляецца ў міласэрнасці”. “Гэта значна больш, чым дабрачыннасць. Яна ўключае ў сябе справядлівасць. Справядлівасць – гэта нібы мінімум; любоў, якая праяўляецца ў міласэрнасці, – гэта празмернасць”, - патлумачыў іерарх, спасылаючыся на думку Папы Бэнэдыкта XVI.

Паводле меркавання кардынала-эмерыта, гэта неабходна рэалізаваць “перад абліччам вялікай несправядлівасці і голаду ў свеце, перад абліччам міграцыйнага крызісу, экалагічнага крызісу, шматлікіх жорсткіх войнаў, этнічнага пераследу, у тым ліку пераследу хрысціян, палярызацыі, якая ўсё больш узрастае, ператвараючыся ў нянавісць, на жаль, таксама і ў Касцёле”. “Таму ў нас няма іншага выбару, як толькі стаць на бок бедных, слабых, пераследаваных і прыгнечаных, пакінуць у баку ўсялякую клерыкальную пыху і ў той жа час не адмовіцца ні на міліметр ад нашай хрысціянскай ідэнтычнасці”, – падкрэсліў кардынал Каспер.
 

13 кастрычніка 2023, 08:13