Кардынал Дзупі: суцішыць боль тых, хто пакутуе ад войнаў
Марыя Валодзіна - Pope
Напачатку сваёй прамовы старшыня італьянскага епіскапату ўзгадаў памерлага Джорджа Напалітана, які ў якасці прэзідэнта Італіі "прадэманстраваў вялікую мудрасць” не толькі ў вырашэнні крызісных сітуацый, але і ў прыхільнасці да дыялогу паміж рознымі кампанентамі італьянскай палітыкі, надаваў дыскусіям еўрапейскае, калі не сусветнае, вымярэнне. Іерарх заклікаў Касцёл не ізаляваць сябе, таму што "нельга ўявіць сабе Італію, ізаляваную ад Еўропы і астатняга свету”.
Вайна ва Украіне
Па словах кардынала Дзупі, вайна ва Украіне – гэта драма, якая адбываецца “ля дзвярэй у Еўропу” і тычыцца ўсіх нас, сучасных мужчын і жанчын, не толькі таму, што мы грамадзяне Еўропы, а перш за ўсё, таму што мы ўсе браты. Папскі пасланнік падкрэсліў важнае значэнне салідарнасці з украінцамі перад абліччам "шматлікіх і драматычных патрэбаў", і падзякаваў італьянскія сем'і, гатовыя прыняць дзяцей з пацярпелай ад вайны краіны.
Канфлікты ў свеце
Іерарх паўтарыў заклік Францішка знайсці шляхі справядлівага міру, каб палегчыць пакуты людзей і выратаваць шмат жыццяў. Ён заклікаў не забываць таксама пра іншыя краіны, якія пакутуюць ад канфліктаў, напружанасці і нестабільнасці, такія як Судан, дзе 5 мільёнаў жыхароў былі вымушаны пакінуць свае дамы, і Нагорны Карабах. "Разважаючы пра гэтыя канфліктныя сітуацыі, мы адчуваем тэрміновую неабходнасць міру", - заявіў кардынал Дзупі.
Міграцыйны феномен
Менавіта войны, разам з дэградацыяй навакольнага асяроддзя і беднасцю, з'яўляюцца асноўнай прычынай міграцыі, - адзначыў іерарх, звяртаючы ўвагу на памылковасць палітызацыі міграцыйнай з'явы. Мігранты і ўцекачы – гэта "у першую чаргу людзі". Для вырашэння міграцыйнага пытання неабходныя сацыяльная адказнасць і палітычная мужнасць, разглядаць яго Італіі трэба як “вялікае нацыянальнае пытанне”. "Альбо мы выбіраем культуру братэрства, альбо культуру абыякавасці", - лічыць кардынал Дзупі.
Што тычыцца італьянскага Касцёла, ён працягне падтрымліваць ініцыятыву Свабода эміграваць, свабода застацца, а таксама гуманітарныя калідоры і новы праект Школьны табель у кішэні, які дае прававы дазвол на вучобу ў Італіі непаўналетнім мігрантам з Нігера.
Сінадальнасць
"Сінадальны працэс – гэта выдатная магчымасць для абнаўлення”, - лічыць кіраўнік італьянскага епіскапату, дадаючы што "саспела дыскусія аб змене структуры Канферэнцыі Біскупаў Італіі, яе рацыяналізацыі і пераасэнсавання". Першы праект абнаўлення будзе падрыхтаваны Генеральным сакратарыятам і прадстаўлены на разгляд Пастаяннай рады і Генеральнай асамблеі епіскапату, - паведаміў кардынал Дзупі.