ҽ

Кардынал Олерыш Кардынал Олерыш   (Vatican Media)

Кардынал Олерыш: задача – знайсці каталіцкі тып сінадальнасці

Не існуе гатовых праектаў пастаноў да кастрычніцкага Сінода Біскупаў па сінадальнасці, трэба сумесна працаваць над зместам і далейшымі крокамі, а для гэтага патрэбна “абароненая прастора для непублічных кансультацый”.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Кардынал Жан-Клод Олерыш падкрэсліў гэты асаблівы характар сусветнай касцёльнай асамблеі 4 верасня 2023 года ў Люксембургу падчас сустрэчы з нямецкамоўнымі біскупамі, адказнымі за СМІ, і іх супрацоўнікамі з некалькіх еўрапейскіх краін. Так ён патлумачыў заяву Папы падчас вяртання з Манголіі, згодна з якой прадстаўнікоў СМІ не дапусцяць да ўдзелу ў дэбатах Сінода. Журналісты будуць штодня атрымліваць інфармацыю праз прэс-службу Святога Пасада.

Арцыбіскуп Люксембурга даў абнадзейлівую прамежкавую ацэнку сінадальнага працэсу, які пачаўся ў кастрычніку 2021 года на ўзроўні дыяцэзій ва ўсім свеце. Яго задачай было знайсці “каталіцкі тып сінадальнасці”, у якім агульнае святарства вернікаў было б узгоднена са служэннем Касцёла, калегіяльнасцю біскупаў і прыматам Папы.

Кардынал Олерыш перакананы ў тым, што існуючыя рознагалоссі і напружанасць могуць прывесці да ўзбагачэння Касцёла, які застаецца на агульным шляху ў святле Хрыста.

Іерарх выступіў з выразным заклікам да большай інтэграцыі і адкрытасці. Касцёл павінен арыентавацца на стаўленне Езуса Хрыста, Які сустракаўся з людзьмі адкрыта і асабіста.

“Якім чынам мы, як Касцёл, маглі развіць такую строгасць у многіх маральных пытаннях, якая выключае людзей, хоць Хрыстус ніколі не паступаў такім чынам?” - самакрытычна спытаў кардынал. На яго думку, “недыскрымінацыя як найвышэйшая запаведзь, якой часта патрабавала моладзь, цалкам апраўдана”.

Размова з іерархам была адным з пунктаў двухдзённай сустрэчы ў Люксембургу, на якую прыехалі прадстаўнікі Касцёла з Германіі, Славеніі, Літвы, Люксембурга і Аўстрыі.
 

06 верасня 2023, 10:26