У Пакістане адбыўся напад на хрысціянскую супольнасць
Ян Глінскі
Раз’юшаны натоўп уварваўся ў іх дамы і касцёлы. Разбуралі ўсё, выносілі абсталяванні, мэблю і палілі перад святынямі. Не пашкадавалі і Біблію. Прычына беспарадкаў – распаўсюджванне чутак пра блюзнерскае стаўленне да Карана.
Як патлумачыў хрысціянскі палітык і былы пакістанскі Міністр па справах меншасцяў Пол Бхаці, у горадзе з’явіўся тэкст з абразлівым для мусульман зместам, да якога былі далучаны вырваныя старонкі са святой для вызнаўцаў ісламу кнігі. Злачынцаў не бачылі, але іх распазналі па імёнах, пасля чаго было сцверджана, што яны хрысціяне. Некаторыя мусульмане пачалі заклікаць, таксама ў мячэцях, да пратэстаў. На гэты заклік тысячы людзей выйшлі на вуліцы, - адзначыў у размове з Pope Пол Бхаці.
“Знішчалі храмы, спалілі Біблію, зруйнавалі дамы мясцовай хрысціянскай супольнасці. На шчасце, прынамсі да гэтага часу, не былі зафіксаваны смяротныя выпадкі або сур’ёзныя траўмы, – сказаў палітык. – Але гэта вельмі балюча. Гэтыя людзі жывуць там вельмі бедна, на перыферыі, і ім давялося кінуць усё і ўцякаць, каб ратаваць жыццё”.
Пол Бхаці скантактаваўся з губернатарам Пенджаба і паліцыяй. Службам парадку, аднак, не ўдалося ўзяць сітуацыю пад кантроль, бо пратэстуючых было нашмат больш.
“Яны спрабавалі разрадзіць сітуацыю, падкрэслівалі, што блюзнерству трэба супрацьстаяць, але нельга вяршыць правасуддзе самастойна. Натоўп, аднак, патрабаваў знайсці і пакараць вінаватых у блюзнерстве, – працягваў пакістанскі палітык. – Мы шмат разоў хацелі адмяніць законы аб блюзнерстве. У гэтай сітуацыі яны нават не выконваюцца. Бо калі б так было, то людзі заявілі б пра здарэнне ў паліцыю, а тыя звярнуліся б у судовую сістэму. Часцей за ўсё хрысціян абвінавачваюць і саджаюць у турму. А людзі, якія самі правакуюць і чыняць правасуддзе, заўсёды застаюцца беспакаранымі”.
У выніку хваляванняў было разбурана шэсць хрысціянскіх святыняў, у тым ліку адна каталіцкая. Прэм’ер-міністр Пакістана асудзіў інцыдэнт. Паводле інфармацыі паліцыі, у сувязі з нападам на хрысціянскую супольнасць было арыштавана больш за сто чалавек.