СДМ-2023: католікаў запрасілі ў храмы іншых канфесій і рэлігій
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Паводле меркавання Лісабонскага Патрыярхату, які прымае сустрэчу маладых католікаў з усяго свету з 1 па 6 жніўня 2023 года, гэта спрыяе развіццю дыялога паміж вернікамі.
Адказны за экуменічныя і міжрэлігійныя адносіны ксёндз Пітэр Стылуэл дадаў, што ў Трапічным батанічным садзе будуць пасаджаны шэсць дрэў, якія сімвалізуюць шэсць вялікіх рэлігійных традыцый свету. Ён прызнаўся, што Папу Францішку вельмі спадабалася гэта ініцыятыва Лісабонскага ўніверсітэта.
На Сусветных днях будуць прысутнічаць: Супольнасць Тэзэ і Chemin Neuf (Новы шлях), абедзве з Францыі, актыўныя ў сферы экуменізму. Манахі першай будуць весці штодзённыя малітвы ў касцёле святога Дамініка (Igreja de São Domingos), а чальцы Chemin Neuf – у базіліцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса, вядомай як Basílica da Estrela.
Са свайго боку Партугальскае біблейскае таварыства рыхтуе выставу, якая спалучае ў сабе “экалогію, Касцёл і этыку”. “Мы хочам, каб пілігрымы паразважалі над праблемамі навакольнага асяроддзя на аснове тэкстаў Святога Пісання”, - патлумачыў евангельскі тэолаг Сімао Фансэка. Ён дадаў, што ініцыятыва мае на мэце паказаць “прыгажосць блакітнай планеты”, якой з'яўляецца Зямля.
Партугальскія англікане з Лузітанскай Царквы таксама далучацца да форума ў Лісабоне. Каардынатар Моладзевага сакратарыята гэтай хрысціянскай супольнасці паведаміла, што ў ім возьме ўдзел група англіканскай моладзі, а ў англіканскім кафедральным саборы святога Паўла на працягу ўсяго часу правядзення Сусветных дзён будзе працаваць Зона адпачынку. Візіт удзельнікаў у гэты храм стане “знакам экуменізму”, - адзначыла Марыяна Са Кута.