Кардынал: тыпова каталіцкая сінадальнасць яшчэ не знойдзена
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Іерарх з Люксембурга, які з’яўляецца адным з дзевяці старшыняў кастрычніцкай асамблеі ў Рыме і яе генеральным рэлятарам, прызнаў у езуіцкаму часопісу America, што “тыпова каталіцкая сінадальнасць яшчэ не знойдзена”, і яна павінна адрознівацца ад сінадальнасці іншых хрысціянскіх канфесій, не прымяншаючы іх значэння.
“Яна павінна ўключаць у сябе калегіяльнасць біскупаў, прымат Пятра ў каталіцкай традыцыі, павінна грунтавацца на працэсе распазнавання”, - сказаў 64-гадовы кардынал. Ён патлумачыў, што галоўным клопатам Папы з’яўляецца менавіта духоўнае распазнаванне. Ён імкнецца збалансаваць прынцыпы, асабістыя абставіны і традыцыі веры, каб зразумець, якая воля Бога ў канкрэтнай сітуацыі.
У кастрычніку каля 360 біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў з усяго свету прыедуць у Ватыкан, каб на працягу чатырох тыдняў абмяркоўваць будучыню Каталіцкага Касцёла ў перыяд крызісных з'яў у рэлігіі і грамадстве. Упершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла на Сінодзе будуць галасаваць жанчыны.
Кардынал Олерыш не схільны надаваць занадта вялікае значэнне галасаванню. “Я не ведаю, ці будзе галасаванне такім важным, прынамсі, на сёлетняй сесіі ў кастрычніку”, - прызнаў ён, дадаўшы, што ў групах будзе шмат абмену думкамі. “Нагадаем, што Сінод будзе праходзіць у дзве сесіі. Так што, магчыма, на першай сесіі не будзе неабходнасці галасаваць. Але мы паглядзім, мы адкрытыя для ўсіх варыянтаў", - сказаў ён.
Францішак вырашыў, што Сінод у Рыме пройдзе ў два этапы – у кастрычніку 2023 года і ў кастрычніку 2024 года. Нягледзячы на тое, што ў абмеркаваннях будзе ўдзельнічаць шмат людзей, якія не з’яўляюцца біскупамі, згодна з кананічным правам, менавіта Сінод Біскупаў будзе прадстаўляць свае прапановы Папу. У канчатковым выніку па іх прыме рашэнне Святы Айцец, а высновы будуць уключаны ў папскую паслясінадальную адгартацыю, - нагадаў кардынал Олерыш.
Ці пагодзіцца Папа з рэкамендацыямі ўдзельнікаў, невядома. Так было не заўсёды, напрыклад, у 2019 годзе на Спецыяльнай асамблеі Сінода Біскупаў для рэгіёну Амазоніі. Хоць дзве траціны ўдзельнікаў прагаласавалі за ўмоўны допуск жанатых мужчын да святарства (так званыя viri probati), гэтая прапанова не ўвайшла ў пазнейшую апостальскую адгартацыю Querida Amazonia.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што сінадальнасць – гэта не “рашэнне большасці” або “аднагалоснасць”. Наадварот, цяперашні Пантыфік хоча, каб сход быў у нечым глыбока перакананы. Люксембургскі кардынал падкрэсліў адкрытасць будучага працэсу. “Нягледзячы на тое, што ўдзельнікаў будзе падтрымліваць мадэратар, я не магу прадказаць, як адрэагуе кожная група, бо кожны вольны ў сваёй пазіцыі”, - патлумачыў генеральны рэлятар сінадальнай асамблеі.
Пры гэтым ён адзначыў, што кожная група мае свабоду меркаванняў, няма канкрэтных указанняў на паводзінах удзельнікаў. "Не! Гэта сапраўды адкрыты працэс, якім кіруе Дух Святы, і так павінна быць”, - заключыў Олерыш.