Кардынал Сэмерара: святы Тамаш – інтэлект і любоў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Як нагадаў у гаміліі прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, вялікі Доктар Касцёла здаваўся такім ціхім, што настаяцелі вырашылі паставіць побач з ім яшчэ аднаго брата, каб вярнуць яго да рэальнасці. Між тым, яго маўклівасць была вынікам слухання Бога, Які паступова “спустошыў яго розум і напоўніў яго сэрца”.
Святая Імша праходзіла ў манастыры Фосанова ў Прыверна, у правінцыі Лаціна, дзе вялікі святы тэолаг памёр 7 сакавіка 1274 года. Эўхарыстыю канцэлебравалі шматлікія біскупы і дзясяткі святароў, у тым ліку дамініканцы. Кардынал падкрэсліў, што для святога “вучоба і кантэмпляцыя – гэта не два асобныя заняткі, але адзін акт, у якім зліваюцца інтэлект і любоў”.
Варта нагадаць, што ў гадавіну кананізацыі Францішак скіраваў адмысловы ліст, у якім напісаў, што “Тамаш, будучы добрым дамініканінам, Тамаш велікадушна прысвяціў сябе евангелізацыі, цалкам аддаючыся малітве, сур’ёзнаму і поўнаму запалу навучанню, тэалагічнай і культурнай творчасці, якая ўражвае, прапаведаванню і адказам на просьбы, якія скіроўвалі да яго ордэн, касцёльныя ўлады і свецкі свет, а таксама яго знаёмыя і сябры”. У той жа час, як адзначыў Святы Айцец, “гэтаму спадарожнічала пастаяннае ўсведамленне таго, што праўды веры пакояцца не толькі ў інтэлекце, але і абгрунтоўваюць штодзённую экзістэнцыю і канкрэтную ролю кожнага веруючага ў Касцёле і грамадстве”.
“Сёння Тамаш Аквінскі з яго духам адкрытасці і ўніверсальнасці з’яўляецца крыніцай натхнення і ўзорным настаўнікам у сваёй увазе, засяроджанай на рэчаіснасці ў яе розных вымярэннях”, - падкрэсліў у пасланні Папа, дадаўшы, што самай вялікай спадчынай дамініканіна з’яўляецца яго святасць.
У 2023 годзе спаўняецца 700 гадоў з дня кананізацыі Тамаша Аквінскага, у 2024 годзе – 750-годдзе з дня яго смерці, а яшчэ праз год – 800-годдзе з дня нараджэння.
На працягу стагоддзяў Тамаш Аквінскі з’яўляецца для Каталіцкага Касцёла адным з найважнейшых арыенціраў у тлумачэнні веры. Яго таксама цэняць як філосафа, асабліва калі гаворка ідзе пра метафізіку, эпістэмалогію і этыку. Спадчына святога ўключае ў сябе не толькі каментары да Бібліі і тэалагічная трактаты, але і тлумачэнне прац антычных філосафаў, а таксама самастойныя філасофскія сачыненні.