ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Біскуп Агіяр сустрэўся ў Святой Зямлі з палестынскай моладдзю

Напярэдадні СДМ дапаможны біскуп Лісабона Амерыку Агіяр наведаў Святую Землю, каб перадаць словы блізкасці Папы да тых маладых палестынцаў, якія не змогуць паехаць на моладзевы форум у сталіцу Партугаліі.

Марыя Валодзіна - Pope

Нагодай для візіту стала запрашэнне прыняць удзел у Святой Імшы, арганізаванай Генеральным сакратарыятам хрысціянскай моладзі Палесціны. Эўхарыстыю, якая прайшла ў горадзе Бэйт-Джала непадалёк ад Віфлеема ўзначаліў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, будучы кардынал П'ербатыста Піцабала.

Тлумачачы прычыны свайго падарожжа, біскуп Агіяр, які неўзабаве таксама атрымае кардынальскую годнасць, зазначыў, што пажадаў стрымаць слова, дадзенае маладым палестынцам. "Я паабяцаў, што знайду час, каб наведаць іх", - сказаў старшыня аргкамітэта Сусветных дзён моладзі, дадаючы, што Францішак пастаянна нагадвае яму пра тых, хто не можа паехаць у Лісабон.

На думку іерарха, рашучасць моладзі з'яўляецца выдатным прыкладам таго, як трэба пераадольваць перашкоды на шляху да ўсеагульнага братэрства, да якога заклікае Святы Айцец. Маладыя людзі вучаць нас таму, што дыялог і сустрэча магчымыя, нягледзячы ні на што.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма ў сваёй гаміліі таксама назваў удзел у СДМ маладых пілігрымаў са Святой Зямлі "знакам жыццёвай сілы парафіяльнага жыцця". Ён заклікаў моладзь знайсці на лісабонскай сустрэчы час для таго, каб рабіць дабро. Усяго ў Партугалію адправіцца 360 прадстаўнікоў Святой Зямлі: з Іарданіі, Галілеі, Палестыны і Кіпра.

Тысячы ружанцаў былі зробленыя ў Святой Зямлі для распаўсюджвання сярод моладзі, якая прыме ўдзел у сусветным мерапрыемстве. Гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву паміж іерусалімскім Карытас і дабрачынным фондам Aiuto alla Chiesa che soffre. Біскуп Агіар наведаў рамесныя майстэрні, якія вырабілі ружанцы.

Візіт біскупа Агіяра ў Святую Зямлю
26 ліпеня 2023, 13:23