Паралін: спадзяюся на мір, але пакуль не бачу перспектыў
Аляксандр Панчанка – Pope
“Я маю рэалістычную надзею на мір ва Украіне. У тым сэнсе, што мы павінны працягваць прапаноўваць каналы міру праз пасрэдніцтва і добрае служэнне, але я не думаю, што цяпер ёсць вялікія шансы на прыняцце гэтых прапаноў”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
“Увесь свет занепакоены гэтай вайной і ўся міжнародная супольнасць павінна працягваць даваць перспектыву надзеі. Існуюць таксама асаблівыя ініцыятывы, як ініцыятыва Апостальскай Сталіцы, якая ад самага пачатку выказала гатоўнасць да пасрэдніцтва”, - дадаў іерарх у размове з журналістамі.
Кардынал Паралін адказаў на пытанні СМІ на палях прэзентацыі кнігі Трагедыя Албаніі ў апавяданні Апостальскага дэлегата Леона Нігрыса (1938-1944), якая прайшла 21 чэрвеня 2023 года ў горадзе Удзінэ на поўначы Італіі.
Даследаванне гісторыка Анэсці Начы грунтуецца на справаздачах, якія арцыбіскуп Леонэ Нігрыс, Апостальскі дэлегат у Албаніі ў 1938-1944 гадах, дасылаў у Дзяржаўны сакратарыят, інфармуючы аб сітуацыі ў гэтай балканскай краіне ў перыяд італьянскай акупацыі і ўстанаўлення дыктатуры камуністычнай партыі. Іерарх быў прыхільнікам аўтаноміі Албаніі, выступаў супраць пераносу фашысцкай ідэалогіі ў гэту краіну, а таксама па-прарочы папярэджваў пра небяспеку распаўсюджвання дзейнасці італьянскіх крымінальных арганізацый на тэрыторыю Албаніі.