ҽ

Папа Францішак і Бэнэдыкт XVI Папа Францішак і Бэнэдыкт XVI  (Vatican Media)

Кардынал Эранс: Францішак і Бэнэдыкт XVI умацавалі мяне сваімі цнотамі

Успамінамі пра Бэнэдыкта XVI і Францішка падзяліўся ў сваёй новай кнізе кардынал Хуліан Эранс Касада, шматгадовы старшыня Дысцыплінарнай камісіі Рымскай курыі і Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Два Папы: мае ўспаміны пра Бэнэдыкта XVI і Францішка” (Dos papas: Mis recuerdos con Benedicto XVI y Francisco) – так называецца кніга 93-гадовага кардынала Эранса, якая выйшла на іспанскай мове. Прадмову да выдання напісаў Святы Айцец, падзякаваўшы іерарху за працу і служэнне сапраўднага чалавека Касцёла.

“Бэнэдыкт XVI і Францішак адлюстроўваюць, кожны па-свойму і згодна з Другім Ватыканскім Саборам, сяброўскае аблічча і радаснае вучэнне Езуса з Назарэту”, - заўважыў кардынал, дадаючы, што меркаваныя адрозненні ў навучанні гэтых Папаў перабольшваюцца з апорай на “супрацьлеглыя і экстрэмісцкія ідэалогіі” ці з прычыны “зямных інтарэсаў грамадска-палітычнага характару”.

Іерарх распавёў, што асабіста пазнаёміўся з Ёзэфам Ратцынгерам у 1977 годзе, а з Хорхэ Марыа Бэрголіа падчас канклаву 2005 года. Гэтыя “два Папы ўмацавалі мяне сваімі цнотамі, сваім сяброўствам і асабістым даверам”, - прызнаўся ён.

Іспанскі кардынал апісаў Бэнэдыкта XVI як “Айца Касцёла для ХХІ стагоддзя”, бо асабістыя “інтэлектуальныя і пастырскія характарыстыкі гэтага Папы лучаць яго з Айцамі Касцёла першых стагоддзяў хрысціянства, якія перажывалі эклезіяльныя і сацыяльныя падзеі з асаблівай дактрынальнай яснасцю і глыбокім сэнсам пастырскай адказнасці”. У гэтым кантэксце ён згадаў пра меры, прынятыя Ёзэфам Ратцынгерам для барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, і яго сустрэчы з ахвярамі такіх злачынстваў.

Іерарх звярнуў увагу на блізкасць і пераемнасць у вучэнні Бэнэдыкта XVI і Францішка, якая асаблівым чынам прасочваецца ў энцыкліках Laudato si’ і Fratelli tutti, дзе “Бог Стварыцель і Айцец у той жа час з’яўляецца тым, хто надае тэалагічную годнасць створанай прыродзе і робіць нас братамі і сёстрамі”.

Эранс прызнаўся, што быў глыбока ўражаны рашэннем Францішка здзейсніць свой першы пастырскі візіт, які адбыўся на італьянскі востраў Лампедуза – месца прыбыцця шматлікіх мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу – не ў якасці “кіраўніка дзяржавы”, але “Вікарыя Хрыста”, каб даць прыярытэт служэнню бедным, раздзяляючы боль і трывогу тых, хто пакутуе ад адсутнасці міру і працы.
 

05 чэрвеня 2023, 09:57