ҽ

Арцыбіскуп Паола Пецы Арцыбіскуп Паола Пецы 

Арцыбіскуп Пецы спадзяецца на візіт пасланніка Папы ў Маскву

Толькі дзякуючы пасярэдніцтву Святога Пасаду ўдалося дабіцца абмену палоннымі, - на гэта ўказаў арцыбіскуп Паола Пецы, пастыр маскоўскай архідыяцэзіі Маці Божай.

Ян Глінскі

У інтэрв’ю італьянскаму выданню Corriere della Sera, прысвечанаму тэме візіту кардынала Матэа Дзупі ва Украіну, арцыбіскуп Пецы падкрэсліў важнасць візіту ватыканскага іерарха ў Кіеў і выказаў надзею, што пасланнік Папы прыедзе і ў Маскву.

На пытанне, як арцыбіскуп Пецы глядзіць на вайну ва Украіне з перспектывы Масквы, ён адказаў: “Нібы ўсё ўвайшло ў дамы, раптам стала блізка, разам з восеньскай мабілізацыяй. На пачатку многія людзі ўспрымалі ўсё, як штосьці далёкае. Цяпер бачныя наступствы гэтага: атмасфера неспакою, падазронасці, недаверу. Мы задумваемся, што будзе ў будучыні”.

Кажучы пра сітуацыю на вайне і складанасць місіі міру Францішка арцыбіскуп з Расіі падкрэсліў, што “кожны магчымы дыялог здаецца цяжкім, здаецца, што ўсё ідзе да найгоршага”. “Але я навучыўся пазітыўна глядзець нават на найменшыя знакі надзеі. Як з боку Зяленскага, так і Крамля я нядаўна чытаў негатыўныя выказванні на тэму магчымага пасярэдніцтва. І ў такой стагнацыі тое, што пасланнік Папы паехаў на Украіну і атрымаў згоду Крамля на прыезд у Маскву, хоць я і не ведаю, калі, з’яўляецца знакам, які нельга недаацэньваць”, – адзначыў каталіцкі іерарх з Расіі.

“Апостальская Сталіца патлумачыла, што місія ў Кіеве заключаецца перш за ўсё ў слуханні, аналізаванні прапаноў, – працягваў ён. – Тое, што прапанова можа быць таксама выслухана з Масквы, мне здаецца вельмі важным”.

На пытанне, ці кардынал Дзупі зможа сустрэцца з прэзідэнтам Пуціным, арцыбіскуп Пецы адказаў: “Прэс-сакратар Крамля сказаў, што гэта не плануецца, але ці азначае гэта, што так не станецца, я не ведаю”.

У той жа час іерарх з Масквы згадаў пра плённасць гуманітарных намаганняў Папы дзеля палонных: “Наколькі мне вядома, пасярэдніцтва Святога Пасаду – адзінае, дзякуючы якому ўдалося дабіцца абмену палоннымі. Спробы абодвух бакоў самі па сабе не прынеслі вялікіх вынікаў, і мне невядома аб падобных ініцыятывах з боку іншых краін: ні амерыканскіх, ні еўрапейскіх, ні Кітая. На гуманітарным узроўні я б сказаў, што Святы Пасад – адзіны, хто нешта робіць”. Пры гэтым ён дадаў, што, на жаль, пра ўкраінскіх дзяцей ведае няшмат.

Адказваючы на пытанні аб адносінах Апостальскай Сталіцы з Рускай Праваслаўнай Царквой і аб магчымай сустрэчы Папы з Патрыярхам Кірылам, арцыбіскуп сказаў: “Гэта можа спрыяць магчымасці аднаўлення дыялогу з мэтай сустрэчы. Але калі казаць пра сам дыялог, то ў мяне не склалася ўражання, што паміж дзвюма Цэрквамі ён пахаладзеў”.

На думку арцыбіскупа, візіт кардынала Дзупі і гуманітарныя намаганні Святога Пасаду – гэта два полымя, якія крыху праліваюць святло на непраглядна адчайную сітуацыю. “Я не летуценнік, я ўсведамляю цяжкасці, але яны мяне не цікавяць. Мяне цікавяць гэтыя агеньчыкі”, - дадаў ён.

09 чэрвеня 2023, 07:15