ҽ

Маці Божая Шэшанская Маці Божая Шэшанская 

Сёння адзначаецца Сусветны дзень малітвы за Касцёл у Кітаі

Як і штогод, 24 мая 2023 года у касцёлах і санктуарыях усяго свету адзначаецца Сусветны дзень малітвы ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, устаноўлены па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI. Аб гэтым артыкул ватыканскай газеты L'Osservatore Romano.

Марыя Валодзіна - Pope

Малітва за Кітай была прапанавана Бэнэдыктам XVI у знак блізкасці і клопату да кітайскіх католікаў і ўпершыню святкавалася ў 2008 годзе. Годам раней Бэнэдыкт XVI у сваім лісце да кітайскіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў выказаў прапанову, каб 24 мая — дзень, прысвечаны літургічнай памяці Найсвяцейшай Панны Марыі, заступніцы хрысціян, якую так аддана ўшаноўваюць у санктуарыі Маці Божай Шэшанскай у Шанхаі — мог стаць днём, калі “католікі ва ўсім свеце злучацца ў малітве за Касцёл у Кітаі”.

Спецыяльна з гэтай нагоды Бэнэдыкт XVI напісаў малітву да Маці Божай Шэшанскай, у якой ён звяртаўся да апякункі Кітая і Азіі з просьбай весці народ Божы шляхам ісціны і любові, молячы падтрымліваць намаганні ўсіх тых, хто ў Кітаі, сярод штодзённых клопатаў, не перастае верыць, спадзявацца і любіць, каб яны ніколі не баяліся абвяшчаць Хрыста свету.

17 мая 2023 года ў санктуарыі Шэшанскай Багародзіцы тысячы католікаў Шанхая ўжо адзначылі Дзень малітвы за Кітай, прачытаўшы малітву, складзеную Бэнэдыктам XVI.

Шэшанскі санктуарый, пабудаваны паміж 1924 і 1935 гадамі на ўзгорку ў 35 кіламетрах ад Шанхая, з'яўляецца першай базілікай на Далёкім Усходзе. Гэта месца дарагое і знаёмае шматлікім кітайскім католікам. У 1954 годзе на гэтым пагорку біскуп Гонг і ўсе святары Шанхайскай дыяцэзіі склалі прысягу на вернасць Касцёлу.

Новым станоўчым імпульсам для жыцця Каталіцкага Касцёла ў Кітаі стала падпісанае ў 2018 годзе Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай Часовае пагадненне аб прызначэнні біскупаў. Дамова стала плёнам доўгага працэсу, які распачаў Ян Павел ІІ, падтрымаў Бэнэдыкт XVI і завяршыў Францішак.

24 мая 2023, 11:25