Біскуп Ганконга пра візіт у Пекін і ролю моста, які злучае
Марыя Валодзіна - Pope
Біскуп Чоу зазначыў, што лічыць свой візіт у Пекін працягам падарожжа, здзейсненага яго папярэднікам, кардыналам Ву, у 1994 годзе. Той факт, што Касцёл Ганконга з'яўляецца мостам, упершыню згадваецца італьянскім місіянерам-езуітам Матэа Рычы, які служыў у Кітаі у XVI-XVII стагоддзях. “Няглядзячы на тое, што пасля заключэння часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай быў усталяваны афіцыйны канал, - адзначыў ён, - мы разглядаем паездку 17 красавіка як мост паміж Пекінам і Ганконгам на дыяцэзіяльным узроўні. Сярод найбольш прыкметных вынікаў гэтага візіту я бачу асабісты кантакт паміж іерархамі дзвюх дыяцэзій і аднаўленне супрацоўніцтва ў розных сферах. Супрацоўніцтва, пра якое мы дамовіліся, на якое моцна спадзяваліся абодва бакі, дае нам надзею і рашучасць працаваць разам".
Што тычыцца папярэдняга пагаднення, то разыходжанні ў поглядах на прызначэнне біскупаў у іншыя дыяцэзіі могуць стаць фактарам, які патрабуe лепшага разумення. “Калі ў будучыні будуць праводзіцца больш рэгулярныя і паглыбленыя перамовы, магчыма, з'явяцца тлумачэнні", - адзначыў біскуп Чоу.
Адказваючы на пытанне пра значэнне так званай кітаізацыі Касцёла, ён адказаў, што неабходна працягваць дыялог па гэтым пытанні, таму што кантынентальны Касцёл "усё яшчэ спрабуе зразумець, якое значэнне павінна мець гэтая канцэпцыя", і "да гэтага часу не прыйшоў да канчатковай высновы". "Па словах аднаго з урадавых чыноўнікаў, якіх мы сустрэлі падчас паездкі, - падкрэсліў ён, - кітаізацыя нагадвае нашу канцэпцыю інкультурацыі. Таму, я думаю, што пакуль лепш не рабіць паспешных высноў аб кітаізацыі".
Іерарх адзначыў, што замест размовы аб правах чалавека, яны аддаюць перавагу размове аб выхаванні годнасці і здаровага пачуцця абавязку перад супольнасцю, грамадствам і краінай. “Наш абавязак – прасоўваць і гарантаваць годнасць іншых людзей, а не толькі нашу ўласную”, - сказаў біскуп Ганконга, дадаючы, што Кітай, як і ўвесь астатні свет, павінен навучыцца рабіць усё магчымае, каб гарантаваць годнасць усіх людзей у краіне і за яе межамі, хоць варта прызнаць, што ён правёў “выдатную працу па выкараненні матэрыяльнай беднасці і непісьменнасці ў краіне".
Гаворачы пра Матэа Рычы, ён зазначыў, што “яго ўсё яшчэ ведаюць і цэняць у Кітаі, у Касцёле і па-за яго межамі. Ён карыстаецца вялікай павагай у католікоў Кітая, а таксама ў кітайскіх інтэлектуалаў. Прэзідэнт Сі таксама з пашанай узгадаў Рычы ў адной са сваіх прамоў перад міжнароднай супольнасцю".
Што тычыцца Францішка, біскуп Чоу сказаў, што многія католікі “цэняць тое, што ён робіць для Касцёла ў Кітаі. "Біскупы, якіх я сустрэў падчас гэтай паездкі, ставяцца да яго станоўча. Але тыя, хто выступае супраць часовага пагаднення, здаюцца даволі прадузятымі ў адносінах да яго”. Аднак "з таго, што я бачыў і чытаў, а таксама з размоў з католікамі, з якімі я сустракаўся падчас паездкі, я б сказаў, што пераважная большасць католікаў у Кітаі лаяльна ставіцца да Папы Францішка і спадзяецца, што часовае пагадненне прынясе пажаданыя змены для іх Касцёла, не ў апошнюю чаргу, прывядзе да сустрэчы Папы з прэзідэнтам Сi”, - патлумачыў іерарх.
Кітайскі ўрад таксама вельмі паважае Францішка, цэніць яго адкрытасць і інклюзіўнасць, - адзначыў біскуп Чоу, дадаючы, што "паколькі Папа Францішак выказаў сваю любоў да кітайскага народа і надзею наведаць Кітай, не дзіўна, калі кітайскі ўрад захацеў бы рэалізаваць яе. Мы молімся, каб гэта адбылося не толькі для Францішка ці для Кітая, але і для ўсяго свету", - сказаў біскуп Ганконга ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару часопіса La Civiltà Cattolica, ксяндзу Антоніа Спадара.