Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
Іерархі скіравалі звароты да вернікаў на Вялікі пост. У прыватнасці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў заўважаць у сваім асяроддзі людзей, якія патрабуюць міласціны, а на шляху праз духоўную пустыню – не "страціць Спадарожніка і мэту свайго вандравання". У сваю чаргу арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, акрамя запрашэння да асабістага навяртання, заклікаў памятаць пра сацыяльнае вымярэнне граху, бо "несправядлівасць і адмаўленне ад праўды спараджаюць сацыяльныя, палітычныя і грамадскія канфлікты".
Велікапосная сустрэча святароў і манаскіх асоб адбылася ў Мінску. Спатканне 23 лютага 2023 года ў мінскай архікатэдры стала першай падобнай сустрэчай, на якой разам сабраліся святары і сёстры рэгіёну на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім. Арцыпастыр, сярод іншага, заахвоціў святароў быць больш уважлівымі, чулымі і адкрытымі ў адносінах да свецкіх вернікаў.
Дыяцэзіяльная фармацыйная сустрэча катэхетаў прайшла ў Гродне. На спатканні 19-20 лютага 2023 года ўдзельнікам прадставілі тры канферэнцыі. Гаварылі, у тым ліку, пра тое, што ў дзейнасці катэхета важна перш за ўсё самому быць вучнем. Сустрэча завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч – іерарх маліўся за ўсіх катэхетаў дыяцэзіі.
У Чырвоны касцёл у Мінску, закрыты ўжо пяць месяцаў, дазволілі ўвайсці святарам і прадстаўнікам касцёльнага камітэта – каб ацаніць маёмасць, знішчаную ад узгарання. Згодна з паведамленнем парафіі святога Сымона і святой Алены, "у касцёле цёпла, ёсць гарачая і халодная вада – у адрозненні ад плябаніі, у залі для набажэнстваў няма слядоў узгарання, сажы і іншых бачных пашкоджанняў". Да малітваў аб аднаўленні ў святыні парафіяльнага жыцця вернікаў запрасілі далучаць пост на вадзе і хлебе, або іншыя ахвяраванні падчас Вялікага посту.
Дзень салезіянскай духоўнасці адбыўся ў Смаргоні. 18 лютага 2023 года ў мясцовую парафію ўдзельнікі прыбылі з усёй Беларусі – ім прапанавалі паразважаць над свецкім вымярэннем салезіянскай супольнасці: Быць Закваскай у сучаснай чалавечай сям’і. Гэта адбывалася з дапамогай камандных гульняў, практычных заданняў.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.