Швейцарскія біскупы: цэлебраваць Імшу могуць выключна святары
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Біскупы Базеля, Хура і Санкт-Галена ў спецыяльным лісце прызналіся, што рэгулярна атрымліваюць скаргі ад занепакоеных людзей. Яны заявілі, што “вернікі маюць права на тое рэлігійнае служэнне, якое паважае правілы і прынцыпы Касцёла", і асабліва гэта тычыцца цэлебрацыі Імшы.
"Вы ўсе ведаеце, што толькі святары могуць старшынстваваць на Эўхарыстыі, здзяйсняць сакрамэнт паяднання і намашчаць хворых. Менавіта для такога служэння іх пасвячаюць. Гэты прынцып веры Рыма-Каталіцкага Касцёла павінен рэалізавацца ў нашых дыяцэзіях без любога роду выключэнняў", - гаворыцца ў лісце.
Біскупы высока ацанілі намаганні свецкіх душпастырскіх работнікаў, якія клапоцяцца пра парафіі ў многіх месцах Швейцарыі. Аднак яны заклікалі іх не ператвараць літургію ў месца для асабістых эксперыментаў. "Менавіта здзяйсняючы адну і тую ж літургію ва ўсім свеце, мы з'яўляемся католікамі і застаёмся салідарнымі адно з адным", - нагадалі іерархі.