Парыжскі Нотр-Дам: новы рэктар пра ход рамонту і рэстаўрацыі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Святар, які вось ужо амаль паўгода з’яўляецца рэктарам гэтага ўнікальнага храма, падкрэсліў, што падчас цяперашніх рамонту і рэстаўрацыі вельмі важна захаваць яго сакральны характар, каб ён зноў стаў знакам прысутнасці Бога ў свеце і гісторыі.
Паўторнае адкрыццё Сабора запланавана на 8 снежня 2024 года. Рэктар запэўніў, што па ўжо зробленым можна ўявіць, наколькі выдатным храм стане пасля рамонту. Ён будзе вельмі светлым, паколькі правядуць ачыстку пачарнелых за стагоддзі камянёў і рэстаўрацыю роспісаў.
У інтэрв’ю агенцтву SIR ксёндз Рыбадо-Дзюма паведаміў, што арцыбіскуп Парыжскі пагадзіўся на адкрыццё храма пры некалькіх умовах: каб гэта было канчатковае адкрыццё, як для вернікаў, так і для наведвальнікаў, і каб галоўны алтар ужо быў на сваім месцы. Таксама арцыбіскуп Ларан Юльрыш абраў пяць мастакоў, якім было даручана падрыхтаваць пяць самых важных сакральных элементаў у Саборы: хрысцільную купель, алтар, біскупскі трон, амбон і табернакулюм.
Да пажару Нотр-Дам штогод наведвалі 12 мільёнаў чалавек. Улічваючы цікавасць, якую выклікаў пажар 15 красавіка 2019 года, рэктар храма лічыць, што пасля адкрыцця пілігрымаў і турыстаў можа быць яшчэ больш, да 15 мільёнаў у год.