ҽ

Кардынал Марыё Дзэнары ў Алепа Кардынал Марыё Дзэнары ў Алепа 

Нунцый: сітуацыя ў Сірыі стане выпрабаваннем на чалавечнасць

Сітуацыя ў Сірыі стане выпрабаваннем на чалавечнасць для міжнароднай супольнасці і ўнутры краіны, - лічыць кардынал Марыё Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі.

Аляксандр Панчанка – Pope

Папскі дыпламат тэрмінова прыбыў у Алепа – “горад-мучанік”, які найбольш пацярпеў ад магутнага землятрусу на паўночным захадзе Сірыі, каб на ўласныя вочы ўбачыць наступствы трагедыі, адведаць розныя месцы і супольнасці, а таксама каардынаваць дапамогу насельніцтву.

У каментары для Pope іерарх заўважыў, што шлях ад Дамаска да Алепа, які звычайна займае каля трох гадзін, у гэты раз быў значна даўжэйшым з-за снегу на дарозе. У горадзе кардынал Дзэнары ўбачыў разбураныя дамы, паваленыя мінарэты мячэцяў, пацярпеў таксама каталіцкі касцёл. У выніку абрушэння аднаго з будынкаў пад заваламі загінуў святар, сакратар мясцовага біскупа-эмерыта.

Прадстаўнік Святога Айца звярнуў увагу на сітуацыю тысяч людзей, якія пасля многіх гадоў вайны і бамбардзіровак пытаюцца: “За што нам гэта?”. “Гэта пытанне на якое цяжка адказаць... Між іншым уся Сірыя ўжо знаходзіцца пад іншай “бомбай”, якой я называю бомбу беднасці. 90% насельніцтва краіны, паводле статыстыкі ААН, жыве за парогам беднасці. Спачатку на іх падалі сапраўдныя бомбы, рознага роду ўзбраенні, галеча, а цяпер і гэты землятрус”, - з горычу адзначыў іерарх.

“Хочацца спадзявацца на існаванне долі здаровага сэнсу і чалавечнасці. Перш за ўсё на нацыянальным узроўні: на жаль, вайна не скончылася, але хацелася б, каб канфлікты і варожасць адышлі ўбок і ўсе паглядзелі на гэтых бедных людзей з пачуццём чалавечнасці. Потым на міжнародным узроўні: зразумела, што неабходна тэрмінова дапамагаць гэтым патрабуючым людзям, нягледзячы на палітычныя падзелы. Гэта будзе выпрабаванне на чалавечнасць для міжнароднай супольнасці і ўнутры Сірыі”, - сказаў кардынал Дзэнары, адзначаючы, што Каталіцкі Касцёл ужо задзейнічаны ў аказанні гуманітарнай дапамогі.

08 лютага 2023, 11:47