Нунцый у Нігерыі: дзяржава павінна бараніць правы і ўласнасць усіх
Аляксандр Панчанка - Pope
Ахвярай узброеных злачынцаў, якія на світанку 15 студзеня 2023 года спрабавалі ўварвацца ў парафіяльны дом, стаў ксёндз Ісаак Ачы. Іншы святар, ксёндз Колінс Амэ, атрымаў агнястрэльнае раненне ў плячо пры спробе ўцячы ад забойцаў. Не здолеўшы пранікнуць на плябанню, забойцы падпалілі яе. На той момант жывыя былі яшчэ абодва пастыры, якія паспелі паспавядацца адзін аднаму, падрыхтаваўшыся такім чынам да смерці. На жаль, ксёндз Ісаак загінуў. Ксёндз Колінс знаходзіцца ў шпіталі.
Пра падрабязнасці трагедыі распавёў Pope Апостальскі нунцый у Нігерыі, арцыбіскуп Антоніа Гвіда Філіпацы. На яго думку, мэтай злачынцаў было менавіта забойства пробашча, але следства яшчэ павінна ўстанавіць асобы агрэсараў і іх матывы.
Дыпламат заўважыў, што насілле супраць каталіцкага духавенства ў Нігерыі – гэта праблема, якая знаходзіцца на парадку дня, але ўсе выпадкі павінны разглядацца асобна, каб не абагульняцца проста як частка пераследу хрысціян па рэлігійных прычынах. Арцыбіскуп Філіпацы адзначыў, што забойства адбылося напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія часта суправаджаюцца ўмацаваннем нестабільнасці. Акрамя таго ў Нігерыі існуе праблема тэрарызму, этнічнага супрацьстаяння, дзейнасці арганізаванай злачыннасці, цяжкасцей у эканамічнай сферы.
“Я лічу, што мы павінны спадзявацца і маліцца, каб, перш за ўсё, самі нігерыйцы ўсведамлялі, што яны першыя павінны адрэагаваць на гэтую сітуацыю, што іх дзяржава павінна быць здольнай абараняць правы і ўласнасць усіх грамадзян. Гэта павінна быць мэтай кожнага: стварыць такую дзяржаву, якая будзе здольнай выконваць гэту місію. І гэта, безумоўна, справа кожнага, пачынаючы з тых, хто адказвае за ўладу і кіраванне”, - дадаў дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца.