ҽ

Раннехрысціянская базыліка святога Марка Раннехрысціянская базыліка святога Марка 

У Рыме адкрыюць для публікі раскопкі першай у гісторыі парафіі

У сутарэннях рымскай базылікі святога Марка на Капітоліі ў Рыме раскапалі раннехрысціянскае месца, якое эксперты лічаць "першай у гісторыі парафіяй".

Марыя Валодзіна – Pope

Папа Марк пабудаваў першую базыліку на гэтым месцы пры імператары Канстанціне ў 336 годзе. Як патлумачыў у інтэрв'ю Pope пробашч касцёла ксёндз Ренца Джуліяна, эксперт па старажытным мастацтве, у той час у Вечным горадзе ўжо існавалі базылікі святога Пятра ў Ватыкане і святога Яна на Латэране, але менавіта гэта святыня была задумана як парафія. Гэта падцверджана раскопкамі, якія выявілі водную купель у незвычайнай форме крыжа.

Базыліка была выразам увагі да вернікаў, якія жылі на ўскраіне імператарскіх форумаў. У той час гэта была густанаселеная язычнікамі і габрэямі частка гораду, у якой пражывала 45 тысяч жыхароў. Раён apud palacina, дзе месціцца храм, захоўвае памяць пра святога Марка. Непадалёку знаходзяцца рэшткі дома, у якім збіраліся першыя хрысціяне, каб паслухаць яго, а таксама святога Пятра, якія разам прыйшлі ў гэтую вялікую метраполію.

У IX стагоддзі над старыжытным касцёлам была надбудавана новая базыліка. Гэта адбылося ў пантыфікат Рыгора IV (827-844 гг.). Пазней, у часы Паўла II (1464-1470 гг.), яна была адноўлена і ўпрыгожана мазаікай. У XVII і XVIII стагоддзяў былі дабаўлены ўпрыгожванні ў стылі барока, выкананыя падчас рэстаўрацыі.

Каб напісаць новую гісторыю базілікі святога Марка, спатрэбіліся тры кампаніі раскопак. Ніжняя базыліка, самая старажытная, была знойдзена падчас рамонтных работ, якія праводзіліся ў 1947-1949 і ў пачатку 50-х гадоў. Пасля гэтага ў перыяд з 1988 па 1990 год праводзіліся яшчэ адны раскопкі. Урэшце, у студзені 2022 года былі распачатыя рэстаўрацыйныя работы, якія завяршыліся ў ліпені.

Чакаецца, што месца, якое мае вялікае значэнне для гісторыі хрысціянства, адкрыецца для публікі праз некалькі тыдняў. Каб пабачыць яго, трэба будзе спусціцца ў сутарэнні.

15 лістапада 2022, 11:16