ҽ

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з украінскім архіепіскапам Шаўчуком

Бэнэдыкт XVI прыняў 9 лістапада 2022 года Архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука. Сустрэча адбылася ў ватыканскай рэзідэнцыі Папы-эмерыта – кляштары Mater Ecclesiae.

Ян Глінскі

Паводле інфармацыі агенцтва ACI Stampa, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы распавёў Бэнэдыкту XVI і яго асабістаму сакратару арцыбіскупу Георгу Генсвайну пра складаную гуманітарную сітуацыю ва Украіне.

“Дзякуючы моцы малітвы ўкраінскі народ жыве, таму прашу Вас і далей маліцца аб міры ва Украіне”, - папрасіў падчас размовы архіепіскап Шаўчук. Папа-эмерыт, у сваю чаргу, запэўніў у сваёй пастаяннай малітве за Украіну.

Украінскі іерарх адзначыў, што вайна ва Украіне мае ідэалагічны і каланіяльны характар. Таксама ён падзякаваў Бэнэдыкту XVI за ліст, які Папа-эмерыт даслаў яму ў пачатку вайны.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ўважліва сочыць за сітуацыяй на Украіне і выказаў вялікі смутак з-за цярпеняў, якія перажывае ўкраінскі народ.

Менавіта Бэнэдыкт XVI прызначыў Святаслава Шаўчука епіскапам, надаўшы яму 14 студзеня 2009 года функцыю дапаможнага епіскапа ў дыяцэзіі Найсвяцейшай Багародзіцы ў Буэнас-Айрэсе. Там украінскі іерарх пазнаёміўся з кардыналам Хорхэ Бэрголіа, сённяшнім Папам Францішкам. Бэнэдыкт XVI таксама пацвердзіў абранне архіепіскапа Шаўчука кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы 25 сакавіка 2011 г.

Архіепіскап Шаўчук знаходзіцца ў Рыме з сямідзённым візітам. У панядзелак падчас сустрэчы з Францішкам ён перадаў Пантыфіку аскепак ракеты, што разбурыла грэка-каталіцкую царкву ў Ірпені. На 12 лістапада яшчэ запланавана сустрэча з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці. 14 лістапада пройдзе сустрэча з некаторымі пасламі, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы.
 

11 лістапада 2022, 09:47