Візіт Францішка ў Бахрэйн: дыялог з многімі плынямі ісламу
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Апостальскі адміністратар Паўночнай Аравіі адзначыў, што падарожжа, якое пройдзе 3-6 лістапада 2022 года, з’яўляецца эпахальнай падзеяй для мясцовых хрысціян.
Папа быў запрошаны каралём. Падчас візіту ён прыме ўдзел у Форуме на карысць дыялогу. Яго прыезд з’яўляецца пацвярджэннем жадання весці дыялог з ісламам “і запрашэннем не спыняцца на гэтым шляху, нягледзячы на ўражанне, што пасля сустрэчы ў Абу-Дабі тэмп запаволіўся”, - падкрэсліў біскуп Хіндэр.
На думку іерарха, “гэта вельмі значная падзея для шыіцкага свету”, які складае большасць насельніцтва краіны, хоць кіраўнічыя пасады ў ёй займаюць суніты.
У той жа час, як адзначае апостальскі адміністратар, папскі візіт нясе з сабой важнае пасланне і для мясцовых католікаў”, ён сведчыць аб тым, што яны не забытыя Паўсюдным Касцёлам.
Бахрэйн – невялікае каралеўства ў Персідскім заліве з насельніцтвам 1,4 мільёна чалавек. Дзяржава жыве за кошт турызму, нафтавай прамысловасці і адыгрывае важную ролю ў банкаўскім сектары. Толькі 6% жыхароў, звыш 80 тысяч чалавек, належаць да Каталіцкага Касцёла. У асноўным гэта мігранты з Індыі і Філіпін. Існуе таксама невялікая суполка блізкаўсходніх хрысціян, якія прыехалі ў краіну ў першай палове ХХ стагоддзя.
Апостальскі вікарыят Паўночнай Аравіі ўключае адзінаццаць парафій у Кувейце, Катары, Бахрэйне і Саудаўскай Аравіі.