Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
Біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў Імшу ў 175-ю гадавіну з дня нараджэння Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. На ўрачыстасці ў мінскай архікатэдры 13 кастрычніка 2022 года сабраліся, у тым ліку, парафіяне закрытага Чырвонага касцёла, фундатарам якога быў Вайніловіч. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага і аднаўлення рэлігійнага жыцця ў касцёле святога Сымона і святой Алены. "Дакладна гэтая святыня не будавалася для таго, каб быць "домам кіно" або выкарыстоўвацца пад штосьці іншае. Святыня павінна быць заўсёды святыняй, домам Божым", – сцвердзіў іерарх.
Сітуацыю з Чырвоным касцёлам біскупы абмеркавалі з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады. 14 кастрычніка 2022 года ў Мінгарвыканкаме Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і прэс-сакратар архідыяцэзіі ксёндз Юрый Санько сустрэліся з дзяржслужачымі. Яны паведамілі аб планах па правядзенні маштабнага рамонту. Паводле афіцыйнага паведамлення, "працы прадугледжаны ва ўсёй святыні, знаходжанне ў ёй немагчымае – на сённяшні дзень святыня адключана ад усіх камунікацый, што таксама робіць немагчымым яе выкарыстанне". Аб тэрміне прац не паведамляецца.
Стартавалі ўрачыстасці 100-годдзя прыбыцця святога Максімільяна Кольбэ ў Гродна. Айцец Кольбэ прыехаў сюды 20 кастрычніка 1922 года, падчас пяцігадовага прабывання ў гродзенскім кляштары заснаваў уласную друкарню, дзе штомесяц выдаваў 60 тысяч экземпляраў часопіса Рыцар Беззаганнай. З гэтай нагоды ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай, дзе служыў святы Максімільян, з 13 па 16 кастрычніка 2022 года праходзяць урачыстасці.
У Віцебскай дыяцэзіі распачалася падрыхтоўка да V Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання 2023. Мясцовы Caritas запрашае да ўдзелу дзяцей з каталіцкіх парафій не толькі Віцебскай дыяцэзіі, але і з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Удзельнікі конкурсу будуць падзелены на дзве ўзроставыя катэгорыі: дзеці ад 9 да 11 год і дзеці ад 12 да 14 год уключна.
Манаская супольнасць капуцынаў Беларусі наведала Пералом на мяжы з Літвой каля Гожы. Для іх гэта асаблівае месца, якое яны называюць сваёй калыскай. Менавіта тут капуцыны з’явіліся на пачатку мінулага стагоддзя. Нагодай для наведвання законнікамі Пералома, дзе яны цэлебравалі святую Імшу, была 25-я гадавіна заснавання першых капуцынскіх структур. Яны памаліліся таксама ў інтэнцыі Кустодыi Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі і аб новых пакліканнях у гэты ордэн.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.