ҽ

Падчас адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора. 11.10.1962 Падчас адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора. 11.10.1962 

Кардынал Пэл: маўчанне пра камунізм сказіла перспектывы Сабора

“Маўчанне на тэму камунізму, які актыўна пераследаваў хрысціян ва ўсёй Усходняй Еўропе, Расіі і Кітаі, сказіла перспектывы Сабора”, - так лічыць кардынал Джордж Пэл.

Ян Глінскі

На National Catholic Register прыводзяцца разважанні былога прэфекта Сакратарыята па эканамічных пытаннях і члена Рады кардыналаў у 2013-2018 гадах. Яны прымеркаваны да 60-годдзя распачацця Другога Ватыканскага Сабора. Іерарх называе саборную канстытуцыю Gaudium et spes свайго роду каментаром і выклікам да чытання знакаў часу, якія павінны інтэрпрэтавацца “ў святле Евангелля”.

Пэл указаў на адсутнасць у згаданым дакуменце некаторых тэм, як, напрыклад, пагроза камунізму, які праз насілле змагаўся з рэлігіяй. На яго думку, маўчанне на гэтую тэму сказіла перспектывы Сабора. “Нянавісць свету да Хрыста і Яго паслядоўнікаў – вось гэтага вымярэння крыху не хапае, асабліва ў гэтым дакуменце”, - сцвердзіў ён.

Аўстралійскі кардынал звярнуўся таксама да другой часткі дакумента, прысвечанай сужэнству і сям’і, належнаму развіццю культуры, эканамічнаму і грамадскаму жыццю, палітычнай супольнасці, культываванню міру і стварэнню супольнасці нацый. Ёсць у ёй таксама раздзел пра вайну, магчымасць атамнай вайны і гонку ўзбраенняў.

“Усё гэта з'яўляецца якасным унёскам у дыялог паміж людзьмі добрай волі, але, на мой погляд, пераацэньваецца наша здольнасць да ўдзелу нароўні з магутнымі варожымі сіламі вакол нас, якія прысутнічаюць у кожным грамадстве і, безумоўна, на сучасным Захадзе. Яны не мелі ідэальнай падрыхтоўкі да культурных войнаў, падчас якіх у многіх краінах былі разбураны іудзейска-хрысціянскія прававыя асновы сужэнства, жыцця і сям'і. Humanae Vitae Паўла VI (1968 год) была больш прарочай і ўключала больш дакладныя назіранні адносна таго, што нас чакае. Місія і барацьба важнейшыя за дыялог, але кожная з іх мае свой уласцівы час і месца”, - выказаў меркаванне кардынал Пэл.
 

21 кастрычніка 2022, 10:16