ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый ва Украіне: маліцца аб навяртанні тых, хто распачаў вайну

“З кожнай бомбай, з кожнай ракетай гінуць людзі, не кажучы ўжо пра іншую шкоду”, - пракаментаваў расійскія ракетныя ўдары Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Пасля гэтых месяцаў інтэнсіўнай вайны мы разумеем, што ў любы момант, у любы дзень могуць адбыцца новыя напады, падобныя сённяшняму. Не толькі на Кіеў, але і на іншыя месцы. Я бачыў у навінах, што атакавалі як мінімум 15-16 гарадоў. Атрымаць поўную інфармацыю няпроста, бо, напрыклад, у нас няма тэлефоннай сувязі са Львовам ці Цярнопалем. Мяркуючы па ўсім, пацярпелі розныя важныя аб’екты інфраструктуры”, - сказаў дыпламатычны прадстаўнік Папы ў інтэрв’ю Pope.

Арцыбіскуп Кульбокас заўважыў, што ў Кіеве некаторыя супрацоўнікі нунцыятуры не змаглі прыйсці на працу, а ўвесь горад застаўся практычна паралізаваным, “таму што падчас трывогі такога характару нават на заканадаўчым узроўні забаронена ажыццяўляць калектыўную працу, рабіць пакупкі, аказваць тэхнічныя паслугі”.

Нунцый нагадаў, што кастрычнік у Касцёле асаблівым чынам прысвечаны багародзічнай малітве, але, на яго думку, ва Украіне ўжо даўно трывае “няспынны кастрычнік”: многія людзі перажываюць вайну, пакуты, страту сваіх блізкіх з глыбокай малітвай. Ён заклікаў працягваць прасіць Бога аб дары міру праз заступніцтва Панны Марыі.

Папскі дыпламат распавёў, што Касцёл актыўна дапамагае насельніцтву Кіева: сховішчамі для людзей служаць сутарэнні каталіцкіх храмаў, прычым не толькі для вернікаў, але і для жыхароў суседніх дамоў, а парафіі з’яўляюцца месцамі, дзе можна атрымаць інфармацыю і гуманітарную дапамогу. “Дыяцэзіяльныя і парафіяльныя ячэйкі Caritas застаюцца вельмі актыўнымі, выязджаючы ў раёны, якія непасрэдна пацярпелі ад нападаў”, - сказаў ён.

Арцыбіскуп Кульбокас падкрэсліў, што жыхары Украіны горача прагнуць міру, але, як казаў Папа, мір павінен быць справядлівым, не ілюзорным. “Мы бясспрэчна не хочам толькі бачнасці міру, але сапраўднага міру, сапраўднай змены сэрцаў, у першую чаргу тых, хто распачаў вайну”, - сказаў нунцый, дадаючы, што ў гэтым сэнсе самай галоўнай “зброяй” з’яўляецца малітва. “На мой погляд іншага выйсця няма, акрамя малітвы і навяртання тых, хто вінаваты ў гэтай вайне”, - заключыў прадстаўнік Святога Айца.
 

11 кастрычніка 2022, 10:32