Fides: колькасць католікаў павялічылася на чатырох кантынентах
Аляксандр Панчанка - Pope
Напрыканцы 2020 года насельніцтва планеты складала каля 7,7 мільярдаў чалавек, што амаль на 89,4 мільёна больш, чым годам раней. Католікаў сярод іх было 1,36 мільярда – гэта на 15,2 мільёна больш чым у 2019 годзе. Рост назіраўся ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы і Еўропе.
Справаздача Fides была складзена на аснове дадзеных Annuarium Statisticum Ecclesiae 2020, дапоўненых 31 снежня 2020 года. Згодна з імі ў акрэслены перыяд у Касцёле было 5363 кардыналы, арцыбіскупы і біскупы.
Статыстыка пацвярджае тэндэнцыю змяншэння колькасці духавенства і законніц. У згаданы перыяд у Касцёле было 410 219 святароў, што на 4117 менш, чым годам раней. З’ява датычыць у першую чаргу Еўропы, Амерыкі і Акіяніі. Рост колькасці духавенства працягваў назірацца ў Афрыцы і Азіі. У сваю чаргу законніц стала менш на 10,5 тысяч: напрыканцы 2020 года налічвалася каля 619 тысяч. Колькасць манахінь павялічваецца ў Афрыцы і Азіі, а змяншаецца на іншых кантынентах.
Працягвае павялічвацца колькасць сталых дыяканаў і законных братоў. На канец 2020 года сталых дыяканаў было каля 48,5 тысяч, што амаль на 400 чалавек больш чым у 2019 годзе. Рост назіраўся ў Амерыцы і Акіяніі, а змяншэнне ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. Колькасць законнікаў, якія не прымалі сакрамэнт пасвячэння, павялічылася на 274 чалавека і ў згаданы перыяд складала каля 50,5 тысяч. Рост адбываўся ў Еўропе, Азіі і Афрыцы.
Зменшылася таксама колькасць навучэнцаў вышэйшых духоўных семінарый. У 2020 годзе іх налічвалася каля 112 тысяч. Рост назіраўся толькі ў Афрыцы, а на ўсіх іншых кантынентах – падзенне.
Паводле інфармацыі Fides, напрыканцы 2020 года ў свеце дзейнічала каля 73 тысяч дзіцячых садкоў, каля 100 тысяч пачатковых школ, каля 50 тысяч сярэдніх школ і калегіумаў і каля 2,4 тысяч вышэйшых навучальных устаноў. Акрамя таго ў свеце налічваецца 5,3 тысяч каталіцкія шпіталі, 14,5 тысяч прытулкаў і амбулаторый, 534 лепразорыі, 15,2 тысяч дамоў для пажылых, хворых і няпоўнаспраўных людзей, 9,2 тысяч дзіцячых прытулкаў, 10,5 тысяч ясляў, 10,3 тысяч сямейных кансультацый. 3,1 тысячы адукацыйных цэнтраў, а таксама амаль 34 тысячы іншых структур.