ҽ

Арцыбіскуп Гінтарас Грушас падчас візіту Кіеў Арцыбіскуп Гінтарас Грушас падчас візіту Кіеў 

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы наведаў Украіну

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) наведаў Украіну. Ён сустрэўся з мясцовымі каталіцкімі іерархамі, прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, людзьмі, якія пацярпелі ад вайны.

Аляксандр Панчанка - Pope

16 ліпеня 2022 года арцыбіскуп Гінтарас Грушас накіраваўся ў Львоў, адведаўшы перад гэтым ўкраінскіх бежанцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. На наступны дзень ён узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з нагоды ўсеўкраінскай пілігрымкі ў санктуарый Маці Божай Бярдзічаўскай, якая дзеля бяспекі вернікаў сёлета прайшла ў абмежаваным фармаце.

18 ліпеня Мітрапаліт Віленскі прыбыў ў Кіеў, дзе сустрэўся з кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскапам Святаславам Шаўчукоў. Наведваючы кіеўскую грэка-каталіцкую катэдру, арцыбіскуп Грушас спусціўся ў падзямеллі сабора, дзе вясной хаваліся сотні мірных жыхароў украінскай сталіцы.

Іерарх завітаў у сядзібу курыі і сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія ў першыя дні вайны сталі цэнтрамі аказання гуманітарнай дапамогі. Архіепіскап Кіева-Галіцкі распавёў яму пра служэнне Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы падчас вайны, падкрэсліваючы важнасць візіту старшыні біскупскага аб’яднання Еўропы для таго, каб вайна Расіі супраць Украіны не стала забытай вайной.

У Кіеве арцыбіскуп Грушас у суправаджэнні архіепіскапа Шаўчука сустрэўся з Прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем. Мітрапаліт Віленскі выказаў салідарнасць з Украінай і запэўніў у тым, што католікі Еўропы падтрымліваюць ўкраінскі народ малітвай, абвяшчэннем праўды пра вайну і канкрэтнымі праявамі салідарнасці.

Бакі абмеркавалі пытанні, звязаныя з прыёмам бежанцаў і аказаннем гуманітарнай дапамогі каталіцкімі дабрачыннымі структурамі. Гаворка ішла таксама пра ролю вайсковых капеланаў, паколькі арцыбіскуп Грушас узначальвае вайсковы ардынарыят Літвы. У каментары для Pope іерарх заўважыў: “Прэм’ер намякнуў, што яны чакаюць візіту Святога Айца ва Украіну, што па-сапраўднаму ўмацуе дух людзей”.

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы адведаў у шпіталі параненых украінскіх вайскоўцаў, а завяршыў візіт ва Украіну малітвай у гарадах Ірпень і Буча, якія моцна пацярпелі ад расійскага ўварвання. “Мне давялося сустрэцца з людзьмі, пачуць іх гісторыі, суцешыць іх. У Бучы мы наведалі месца, дзе ў брацкай магіле было пахавана шмат людзей. Мы маліліся, просячы Бога аб літасці. Я падзякаваў людзям за іх вытрымку, мы паабяцалі маліцца адзін за аднаго і дапамагаць адзін аднаму”, - падмусаваў арцыбіскуп Гінтарас Грушас.
 

20 ліпеня 2022, 11:12