ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Сара: духоўнае жыццё – самае каштоўнае ў чалавеку

Без веры жыццё становіцца пакутлівым чаканнем смерці або ўцёкамі ў матэрыяльнае спажывальніцтва. Такую думку выказаў кардынал Рабэр Сара ў інтэрв’ю французскаму выданню Valeurs actuelles.

Ян Глінскі - Pope

Былы ватыканскі прэфект звярнуў увагу на неабходнасць развіцця духоўнага жыцця, якое, як сцвердзіў, самае каштоўнае ў чалавеку. Адначасова ён выказаў сваё захапленне шматлікімі пажылымі духоўнымі асобамі, якія шмат гадоў прабываюць у маўчанні. “Мяне здзіўляе глыбіня і прамянеючая грунтоўнасць іх чалавечнасці. Чалавек з’яўляецца сабой толькі тады, калі сустракае Бога”, - дадаў кардынал Сара.

Іерарх заўважыў, што ў грамадстве, дзе паводзіны дыктуюцца матэрыяльным спажывальніцтвам, развіццё духоўнага жыцця патрабуе супрацьстаяння свету: калі ўвесь свет ідзе ў бок смерці і нябыту, то кірунак супраць плыні вядзе ў бок жыцця.

Кардынал Сара заклікаў практыкаваць малітву нават тых, хто не верыць, нагадаўшы пра славутую стаўку Паскаля: пачні жыць як хрысціянін і ўбачыш, што гэта рэальна.

Размаўляючы на тэму скандалаў у Каталіцкім Касцёле, кардынал Сара падкрэсліў, што Касцёл – гэта маці, якая прымае нас, сваіх непаслухмяных дзяцей; і складаецца ён з людзей, якія маюць аднолькавыя недахопы, аднак грахі людзей Касцёла выклікаюць большы скандал. Тым менш, сапраўднае аблічча Касцёла адлюстроўваюць святыя, такія як Ян Павел ІІ, Маці Тэрэза з Калькуты ці Шарль дэ Фуко, перакананы былы прэфект Дыкастэрыі Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў.
 

15 ліпеня 2022, 08:44