Дактрыны Касцёла – тэма сустрэчы “Кола Ёзэфа Ратцынгера”
Ян Глінскі - Pope
Тэма сустрэчы ўзята з фрагменту Паслання да Карынцянаў – “Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў” (1 Кар 11, 23) – і мае падтытул “Абавязковыя ісціны і развіццё дактрыны Касцёла”.
Па традыцыі падчас закрытага пасяджэння будуць прачытаны дзве лекцыі прафесарам дагматычнай тэалогіі, ксяндзом Маўра Гальярдзі і прафесарам Стэфанасам Афанасіу. Ксяндза Маўра Гальярдзі Бэнэдыкт XVI у 2008 года прызначыў кансультантам Службы літургічных цэлебрацый Найвышэйшага Пантыфіка, а ў 2010 г. – кансультантам Кангрэгацыі па справах Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў. Стэфанас Афанасіу – выкладчык дагматыкі і праваслаўнай этыкі, мае багаты акадэмічны досвед па ўсім свеце.
25 верасня падчас публічнага сімпозіума ў Патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум” у Рыме з прывітальным словам да ўдзельнікаў звернецца кардынал Курт Кох, каардынатар Кола вучняў (нямецк. Schuelerkreis). Затым прамовіць біскуп Рудольф Вадэрхольцэр з Рэгенсбурга на тэму “Традыцыя, якая сыходзіць ад Апосталаў, развіваецца ў Касцёле пад апекай Духа Святога” (Dei Verbum, 8). Традыцыя развіцця дактрыны ў Каталіцкім Касцёле на аснове ІІ Ватыканскага Сабору”. Ксёндз Маркус Граўліх SDB прамовіць на тэму “Дактрынальная і прававая традыцыя ў раўнавазе паміж вернасцю і зменамі”. Прагучаць і іншыя даклады, высновы пасля якіх падвядзе кардынал Кох.
“Кола Ёзэфа Ратцынгера” – аб'яднання былых студэнтаў Папы-эмерыта і даследчыкаў яго тэалагічнай спадчыны – сфарміравалася ў той час, калі Ратцынгер быў прызначаны арцыбіскупам Мюнхена. У 1981 годзе кардынал Ранцынгер быў прызначаны прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. Сустрэчы працягваліся. Так было і тады, калі іерарх быў абраны Папам.
Калі пазней Бэнэдыкт XVI адмовіўся працягваць Пятровае служэнне, сустрэчы Schuelerkreis працягваліся, таксама і без прысутнасці настаўніка, які ў першыя гады сустракаўся з удзельнікамі сустрэч і цэлебраваў з імі святыя Імшы. Тым часам паўстаў “новы Schuelerkreis”, у які ўваходзілі ўжо не вучні Бэнэдыкта XVI, а студэнты, якія вывучалі яго думку.
Апошнія чатыры гады абодва колы практыкуюць новы спосаб сустрэч: публічны сімпозіум, які павінен адбывацца штогод, каб думка настаўніка заставалася жывой і прысутнай, а таксама распаўсюджвалася ў грамадстве. Лідарам гэтай новай групы з’яўляецца кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.