Біскуп: у Канадзе Папа жадае выслухаць боль і паспрыяць прымірэнню
Аляксандр Панчанка - Pope
“Я спадзяюся, што вопыт і благаслаўленне сустрэчы з Францішкам, якое атрымалі дэлегаты карэнных народаў у Рыме, цяпер пашырыцца на ўсю краіну”, - сказаў Pope арцыбіскуп Рычард Сміт, пастыр архідыяцэзіі Эдмантан, каардынатар папскай пілігрымкі з боку Каталіцкага Касцёла ў Канадзе.
Вясной Францішак сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі карэнных народаў, якія пацярпелі ад злоўжыванняў у так званых рэзідэнцыяльных школах-інтэрнатах. Як адзначыў арцыбіскуп Сміт, падчас гэтых візітаў Святы Айцец выразна паказаў дэлегатам першых народаў, метысаў і інуітаў, што хоча выслухаць іх боль і выказаць сваё спачуванне, падтрымаць іх і дапамагчы ў пераадольванні наступстваў злоўжыванняў.
Цяпер, асабіста прыбываючы ў іх дом, Папа хоча ісці да гэтай мэты разам з імі. Хоць Касцёл у Канадзе таксама імкнецца да гэтага, але прысутнасць Наступніка святога Пятра мае асаблівае значэнне і можа мець вялікі ўплыў таксама па-за Касцёлам, - перакананы іерарх.
“Дэвіз пілігрымкі: “Ісці разам”. Як можам сёння прыняць на сябе гэту спадчыну і дапамагчы дасягнуць загойвання ран? – Гэты абавязак ляжыць сёння на нашых плячах”, - падкрэсліў арцыбіскуп Сміт, дадаючы, што Папа прагне быць менавіта пілігрымам аздараўлення і прымірэння, менавіта таму па некалькі гадзін у дзень ён будзе слухаць гісторыі людзей: гісторыі болю і пакут, якія яны нясуць з сабой да сённяшняга дня.
Іерарх перакананы, што візіт Святога Айца ў Канаду будзе моцным знакам і для людзей па-за межамі гэтай краіны, бо сёння паўсюль ёсць патрэба ў аздараўленні і прымірэнні. “Ва ўсім свеце так шмат войнаў, узгадаем прынамсі Украіну. Людзі шукаюць добрых прыкладаў. Яны шукаюць надзеі, прагнуць убачыць, як можна ісці далей і знайсці мір і ацаленне. Гэта сустрэча можа стаць часцінкай надзеі для свету”, - сказаў арцыбіскуп Сміт.
Візіт Папы ў Канаду пройдзе 24-30 ліпеня 2022 года. Гэта будзе 37-е Апостальскае падарожжа Францішка, у рамках якога ён наведае гарады Эдмантан, Масквасіс, Квэбэк і Ікалуіт.