Вайсковыя ардынарыі краін ЕС правялі нараду ў Брусэлі
Аляксандр Панчанка – Pope
Форум распачаўся 1 чэрвеня 2022 года ў сакратарыяце Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) у Брусэлі. Нарада стала нагодай для абмену поглядамі на тэму актуальных выклікаў у кантэксце супольнай палітыкі бяспекі і абароны, як усяго Еўрапейскага Саюза, так і яго паасобных краін. Абмяркоўваліся таксама наступствы вайны ва Украіне, стратэгічная лінія ЕС і “шляхі да раззбраення”.
На пачатку сустрэчы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Вайсковы ардынарый Літвы, арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі і старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. З уступным словам да яе ўдзельнікаў звярнуўся ксёндз Мануэль Барыёс Прыета, генеральны сакратар COMECE.
Дыскусіі вяліся таксама на тэму таго, на якія геапалітычныя падзеі Касцёл павінен звярнуць асаблівую ўвагу ў дыялогу з еўрапейскімі структурамі і ў працы вайсковых капеланаў. Перад вайсковымі ардынарыямі выступіў дырэктар Дэпартаменту палітыкі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Павел Герчынскі, прадстаўнік вайсковага штабу ЕС генерал Барт Ларан і адказны за палітыку раззбраення Давід Пустаі.